Памёр пісьменнік і гісторык Леанід Маракоў
- 17.12.2016, 11:09
Раніцай 17 снежня пайшоў з жыцця пісьменнік і даследчык сталінскіх рэпрэсій Леанід Маракоў.
Пра гэта паведаміла на Facebook актывістка Наталля Саматыя.
Леаніду Маракову было 58 гадоў.
У пісьменніка была пухліна галаўнога мозгу, паведаміў «Радыё Свабода» сын пісьменніка Дзмітрый.
Са слоў Дзмітрыя Маракова, пухліна была прычынай таго, што на пачатку года Леанід перажыў інсульт.
Леанід Маракоў нарадзіўся ў 1958 годзе. Паводле прафесіі інжынер-радыёэлектронік. У 1990-я ён стаў вывучаць біяграфію свайго дзядзькі паэта Валерыя Маракова, які быў расстраляны 29 кастрычніка 1937 года. Вынікам працы стала маштабнае даследаванне сталінскіх рэпрэсій у Беларусі - падрыхтаваны і часткова выдадзены 10-тамовы энцыклапедычны даведнік пад назвай «Рэпрэсаваныя літаратары, навукоўцы, работнікі асветы, грамадскія і культурныя дзеячы. 1794-1991». Усяго сабраны звесткі пра 20 тысяч ахвяр.
Маракоў выдаў таксама дакументальнае даследаванне «Ахвяры і каты», дзе прыводзіць біяграфіі ахвяраў і тых, хто датычны да рэпрэсій у Беларусі. Асобна выйшла кніга, дзе сабраны звесткі пра рэпрэсаваных у Беларусі праваслаўных святароў.
Леанід Маракоў таксама вядомы сваімі літаратурнымі творамі, ён з'яўляецца аўтарам некалькіх кніг. У 2014 годзе выйшла яго манаграфія «Галоўная вуліца Мінска. 1880-1940».
Пісьменнік таксама быў аўтарам на сайце charter97.org.
Рэдакцыя charter97.org смуткуе ў сувязі са смерцю Леаніда Маракова і прыносіць спачуванні родным і блізкім пісьменніка.