BE RU EN

Сёння нарадзіўся паплечнік Каліноўскага Валерый Урублеўскі

  • 15.12.2016, 19:32

Знакаміты паўстанец з Лідчыны пасля стаў генералам Парыжскай камуны.

Нарадзіўся Валерый Урублеўскі ў мястэчку Жалудок Лідскага павета (цяпер гарадскі пасёлак у Шчучынскім раёне) у сям'і беззямельнага шляхціца Антона Урублеўскага і Разаліі з роду Юроўскіх. Бацька яго працаваў лесніком, потым скарбнікам у графа Цізенгаўзэна.

Скончыўшы ў 1853 годзе Віленскую гімназію, паступіў у Пецярбуржскі лясны інстытут (на будынку ўніверсітэта ўсталяваная мемарыяльная дошка. Падчас вучобы ўдзельнічаў у студэнцкім руху, быў чальцом нелегальнага рэвалюцыйнага гуртка, якім кіравалі рэвалюцыянеры-дэмакраты Зыгмунт Серакоўскі і Яраслаў Дамброўскі.

КАСТУСЬ КАЛІНОЎСКІ І ВАЛЕРЫЙ УРУБЛЕЎСКІ РОБЯЦЬ АГЛЯД ПАЎСТАНЦАЎ

У 1861-1862 гадах ён актыўна ўдзельнічаў у стварэнні рэвалюцыйнай арганізацыі на Гарадзеншчыне. Разам з Кастусём Каліноўскім рэдагаваў, друкаваў і распаўсюджваў рэвалюцыйна-дэмакратычную газету «Мужыцкая праўда».

Падчас паўстання 1863-1864 гадоў Урублеўскі кіраваў паўстанцкімі атрадамі. Ён быў прыхільнікам левага крыла «чырвоных» - найбольш актыўных барацьбітоў, якія прытрымліваліся рэвалюцыйных поглядаў, — апоры на сялянскія масы, ліквідацыі памешчыцкага землеўладання, роўных правоў усіх народаў краю. У час бою з казакамі 7 жніўня 1864 года Урублеўскі быў пасечаны шаблямі і цяжка паранены, але выжыў.

Крыху падлячыўшыся, ён эміграваў у Францыю. У Парыжы кіраваў дэмакратычнымі арганізацыямі беларуска-польскіх эмігрантаў. Калі 18 сакавіка 1871 у Францыі адбылася рэвалюцыя і быў створаны ўрад Парыжскай Камуны, Урублеўскі, як і многія іншыя ягоныя суайчыннікі, актыўна падтрымаў рэвалюцыйныя памкненні парыжан. У гэтым бунце ён бачыў «сацыяльную рэвалюцыю, якая пры поспеху можа перавярнуць увесь парадак, што існуе цяпер у Еўропе...». У званні палкоўніка (атрымаў напярэдадні паўстання) Урублеўскі прапанаваў камунарам свае паслугі і план ваенных дзеянняў. Неўзабаве яму было прысвоенае званне генерала, і ён узначаліў адно з трох рэвалюцыйных войскаў, якое абараняла паўднёвую частку Парыжа. У баях Урублеўскі паказаў сябе ўмелым, разважлівым і прадбачлівым палкаводцам і змагаўся на чале войска да апошняга дня існавання Парыжскай камуны.

Апошнія гады жыцця ён правёў ва Уарвілі (каля Парыжа) у доме былога камунара і земляка Г. Геншынскага. Пахаваны ў Парыжы на могілках Пер-Лашэз, ля сцяны Камунараў.

У гонар генерала названыя вуліцы ў Катавіцах і Горадні.

Апошнія навіны