BE RU EN

Навошта менскія школы масава падпісваюцца на «Камуніст Беларусі»?

  • 10.12.2016, 13:59

Высвятляецца, сталічныя ўстановы адукацыі масава падпісваюцца на партыйнае выданне камуністаў.

За забеспячэнне падпіскі «рэкамендаванай» прэсы адказваюць у галоўным упраўленні ідэалагічнай і выхаваўчай работы Менгарвыканкама. Праўда, там паведамілі nn.by, што «Камуніста Беларусі» сярод рэкамендаваных школам выданняў няма.

Але камуністычную газету менскія школы ўсё-такі выпісваюць.

«Гэта мы выпісваем за школьныя грошы, там шэраг выданняў. Яны неабходныя нам для агульнага развіцця. Мы выпісваем выданні, каб валодаць інфармацыяй з розных бакоў. І гэтыя выданні ні класных, ні дзяцей не датычацца. Гэта метадычная падборка, але ні якім чынам не прапаганда», — распавяла Анжаліка Казлоўская, завуч у выхаваўчай працы менскай школы №162.

Прыкладна тое ж самае адказалі і ў адной са сталічных гімназій.

«Гэтыя выданні наш асабісты выбар. Мы — гімназія, у нас фінансавая незалежнасць ад упраўлення адукацыі. І выданні, у тым ліку і «Камуніст Беларусі», мы выпісваем за грошы школы, якія зарабілі платнымі паслугамі, — паведаміла Наталля Шурдзякова, завуч ў выхаваўчай працы.

Але навошта школе выданне праўладных беларускіх камуністаў?

«А як вы думаеце? Дзеці, якія рыхтуюцца стаць у будучыні высокаадукаванымі людзьмі і вельмі добра арыентавацца ў палітыцы — яны могуць ведаць, хто такі камуніст у Беларусі? Адкуль ім гэта ведаць? — задалася пытаннем Шурдзякова. — Калі ў нас апазіцыйныя структуры праводзяць свае гэтыя сходкі, разгульваюць па ўсім Менску, то ім можна, а выпісаць дзяржаўны сродак масавай інфармацыі, то ў кагосьці трэба спытаць дазвол?».

Праўда, ад адказу на пытанне, ці выпісвае гімназія іншыя партыйныя выданні, завуч ухілілася.

«Мы выпісваем тое, што выдае дзяржава. Мы дзяржаўная ўстанова адукацыі і выпісваем дзяржаўныя сродкі масавай інфармацыі!» — паведаміла яна.

Аднак заснавальнік згаданай газеты — Камуністычная партыя Беларусі, і газета гэтая партыйная, а ніяк не дзяржаўная.

Апошнія навіны