BE RU EN

Менскі завод шасцерняў будуць далучаць да МТЗ?

  • 9.11.2016, 11:30

На прадпрыемстве ходзяць размовы, што завод страціць статус асобнага прадпрыемства ўжо з новага года.

У рэдакцыю praca-by.info звярнуўся адзін з работнікаў ААТ «Менскі завод шасцерняў», які з 2014 года ўваходзіць у МТЗ-Холдынг:

– З 1 студзеня наша прадпрыемства перастане існаваць. Мы будзем проста цэхамі трактарнага завода. Імаверна, будуць скарачэнні.

Аднак першы намеснік генеральнага дырэктара Сяргей Краўчук гэтую інфармацыю зняпраўдзіў.

– Гэта няпраўда. Не варта давяраць ананімным паведамленням. Шчыра, ужо надакучылі – кінуць інфармацыю, толькі каб раз’юшыць людзей. Завод адпрацаваў год стабільна, заробак выплачваецца стабільна. Прадпрыемства адчувае сябе нядрэнна, скарачэнняў на заводзе не было цягам апошніх пяці гадоў, і яны не плануюцца. З 1 студзеня наша прадпрыемства не стане часткай МТЗ. У перспектыве – не ведаю. Але ў 2017 годзе – дакладна не, – запэўніў Сяргей Краўчук.

Менскі завод шасцерняў быў заснаваны ў 1952 годзе. Сярэдняспісачная колькасць работнікаў – блізу 1500 чалавек. Першае паўгоддзе прадпрыемства завяршыла з невялікім прыбыткам. Восенню мінулага года больш за 60% работнікаў адпраўлялі ў вымушаны адпачынак.

Апошнія навіны