BE RU EN

Нямецкі гісторык: Пра беларускі Трасцянец павінен ведаць увесь свет

  • 9.11.2016, 9:31

Гісторыя лагера смерці Трасцянец у Менску доўгі час заставалася невядомай для свету.

У тым ліку таму, што ў самой Беларусі часоў СССР на гэтую тэму мала гаварылі.

Пра гэта заявіў дырэктар гамбургскага мемарыяльнага комплексу «Ноенгаме» на месцы аднайменнага былога канцлагера доктар Дэтлеф Гарбе 8 лістапада на прэс-канферэнцыі, прысвечанай адкрыццю «Лагер смерці Трасцянец. Гісторыя і памяць» у Гамбургу (Нямеччына).

Як піша БелаПАН, выставачны праект падрыхтаваны прафесійнымі гісторыкамі з Беларусі і Нямеччыны пад эгідай нямецкага фонду «Мемарыял памяці забітых габрэяў Еўропы», Дортмундскага міжнароднага адукацыйнага цэнтра і Менскага міжнароднага адукацыйнага цэнтра імя Ёханэса Раў. На яго адкрыццё запрасілі прадстаўнікоў беларускай грамадскасці, улады, хрысціянскіх канфесій і габрэйскай абшчыны.

Са слоў доктара Гарбе, увагу прэсы і грамадскасці, напрыклад, да Асвенцыму і Майданеку, да лагера смерці на тэрыторыі Польшчы, у 1960-1970-х гадах прыцягнулі «гучныя судовыя працэсы над нацысцкімі злачынцамі — наглядчыкамі канцлагераў і іншымі асобамі, якія былі замешаныя ў гэтых злачынствах».

«У той жа час, што да месцаў знішчэння на тэрыторыі былога Савецкага Саюза, прынамсі, у дачыненні да Трасцянца такіх судовых працэсаў не адбывалася», — сказаў ён.

У той жа Польшчы, звярнуў ён увагу, на месцах знішчэння «былі даволі рана ўтвораныя мемарыяльна-музейныя комплексы». Там былі адкрыты «не проста мемарыяльныя комплексы, але і музеі», як, напрыклад, у Майданеке, дзе гэтая работа пачалася адразу пасля вызвалення лагера, а ў Асвенцыме — некалькімі гадамі пазней.

Аб месцах знішчэння на тэрыторыі Польшчы, адзначыў дырэктар мемарыяла «Ноенгаме», стала вядома значна раней і больш яшчэ і таму, што «ўжо ў перыяд Польскай народнай рэспублікі нацыянальная ідэнтычнасць будавалася, у тым ліку на ўсведамленні таго, што палякі былі ахвярамі вайны, развязанай нямецкімі нацыстамі».

«Важную ролю адыграла таксама польская каталіцкая царква. Так званае пасланне польскіх біскупаў на гэты конт прагучала ў Нямеччыне ўжо ў 1960-х гадах. А калі ў Нямеччыне мы чулі такі зварот з Беларусі?» — спытаўся гісторык.

У той жа час ён не стаў адмаўляць, што шырокай вядомасці Трасцянца перашкодзілі таксама «антыкамуністычныя тэндэнцыі і «халодная вайна».

«Можна ўспомніць, што ў Гамбургу толькі ў 1993 годзе, да 50-годдзя паразы Нямеччыны ў Сталінградскай бітве, была адкрыта выстава, прысвечаная ахвярам Другой сусветнай вайны з савецкага боку, між іншым, лёс савецкіх ваеннапалонных, а яны ж складалі другую па колькасці пасля габрэяў групу ахвяр савецка-нямецкай вайны», — падкрэсліў доктар Гарбе.

Трасцянец — найбуйнейшы лагер смерці, які дзейнічаў падчас нямецка-фашысцкай акупацыі 1941-1944 гадоў на тэрыторыі Беларусі. Тут было забіта больш за 206 тыс. чалавек.

Апошнія навіны