За дзень да выбараў Клінтан апярэджвае Трампа на 4%
- 7.11.2016, 16:59
Лідарства Клінтан пацвярджаюць усе найбольш аўтарытэтныя рэйтынгавыя агенцтвы.
Кандыдатка ў прэзідэнты ЗША ад Дэмакратычнай партыі Хілары Клінтан апярэджвае свайго апанента ад Рэспубліканскай партыі Дональда Трампа на чатыры адсоткавыя пункты. Пра гэта сведчаць звесткі апытання, праведзенага супольна ABC News і Washington Post за дзень да выбараў (пераклад – РБК).
Паводле даследавання, 47% выбаршчыкаў заявілі аб сваёй падтрымцы Клінтан, у той час як 43% заявілі аб падтрымцы Трампа.
Паводле апытання CBS, Клінтан абганяе Трампа на чатыры адсоткі. Кандыдатка ад дэмакратаў набрала 45% падтрымкі, Трамп — 41%, удакладняе Reuters.
Лідарства Клінтан паказвае і апытанне Bloomberg — яе вынік склаў 44 супраць 41% у Трампа.
У апытанні ABC News, апублікаваным напярэдадні, паведамлялася, што Клінтан апярэджвае Трампа на пяць адсоткаў. За Клінтан былі гатовыя прагаласаваць 48% рэспандэнтаў, а за Трампа — 43%.
Выбары прэзідэнта ЗША адбудуцца 8 лістапада.