BE RU EN

Сталі вядомыя новыя падрабязнасці ДТЗ на віну начальніка Баранавіцкай ДАІ

  • 29.11.2016, 11:18

У загінулай жыхаркі Слуцка засталося двое дзяцей - 6-гадовы Багдан і 16-гадовая Анжаліка.

- Нам расказалі, што Вольга разам са сваім маладым чалавекам ехала ў Баранавічы. Але па дарозе іх спынілі супрацоўнікі ДАІ. Са слоў бабулі Анжалікі, Вольгу збілі на асветленым пешаходным пераходзе, - распавялі kp.by у школе, дзе вучыцца дачка загінулай жыхаркі Слуцка.

Трагедыя здарылася а 20.50 у суботу, 26 лістапада.

- ДТЗ адбылося ў Ляхавіцкім раёне. Паводле папярэдняй інфармацыі, жанчына пераходзіла дарогу па-за пешаходным пераходам, - распавялі ў прэс-службе УДАІ МУС. – Супрацоўнік ДАІ знаходзіўся не на службе, у цывільным адзенні і на асабістым аўтамабілі.

Следчым камітэтам распачата крымінальная справа ў дачыненні да часовага выканаўцы абавязкаў начальніка аддзела ДАІ Баранавіцкага ГАУС, які падазраецца ва ўчыненні ДТЗ, якое пацягнула смерць чалавека. Гаворка ідзе пра маёра міліцыі Андрэя Ваўкавыцкага. Мужчына затрыманы.

- Дзеянні затрыманага кваліфікаваныя паводле ч. 4 арт. 317 «Парушэнне правілаў дарожнага руху асобай, якая кіравала транспартным сродкам у стане алкагольнага ап'янення, што пацягнула праз неасцярожнасць смерць чалавека» КК РБ, - пракаментавала тое, што здарылася, афіцыйная прадстаўніца Следчага камітэта (СК) Юлія Ганчарова.

Паводле інфармацыі СК, канфіскаваныя і далучаныя да матэрыялаў справы рэчавыя доказы, праводзяцца следчыя эксперыменты, прызначаныя экспертызы.

- Згодна з вынікамі агляду падазраванага, ён знаходзіўся ў стане алкагольнага ап'янення, - заявілі ў СК. - Праводзіцца расследаванне. Следства будзе хадайнічаць перад пракурорам аб прымяненні ў дачыненні да падазраванага меры стрымання ў выглядзе заключэння пад варту.

У загінулай жанчыны, 36-гадовай Вольгі Стралкоўскай са Слуцка, засталося двое дзяцей - Багдан і Анжаліка.

- Да Анжалікі (16-гадовая дзяўчынка вучыцца ў 11-м класе. - заўв.) я прыйшла дадому разам з яе аднакласнікамі, завучам і дырэктарам школы. Мы выказалі сям'і загінулай спачуванне і аказалі ім матэрыяльную дапамогу. Са слоў бабулі Анжалікі, дзяўчынка першая даведалася пра смерць маці. Ёй патэлефанаваў супрацоўнік ДАІ і паведаміў аб тым, што здарылася, - распавяла ўчора ўдзень класная кіраўніца Анжаліка Кандраценя. - Вядома, гора вельмі вялікае. У Анжалікі ёсць і 6-гадовы брат. Цяпер дзяцей Вольгі падтрымліваюць іх бабуля і дзядуля. Вольга была спагадным чалавекам, заўсёды прыходзіла на дапамогу. Яна цікавілася вучобай дачкі, удзельнічала ва ўсіх школьных мерапрыемствах.

Пра тое, што Вольга любіла сваіх дзяцей, гаворыць і яе старонка ВКонтакте. Жанчына публікавала фота дачкі і сына. Цяпер сябры і знаёмыя пакідаюць на яе старонцы спачуванні.

- Вольга такі прыязны чалавек! Я яе нядаўна бачыла - такая вясёлая ехала ў аўтобусе, - распавядае сяброўка жанчыны Наталля. - Вольга працавала сацыяльным работнікам. Даглядала адзінокіх бабуль, прыходзіла да іх на дом. Вядома, для ўсіх яе смерць стала шокам. Яна жыла дзеля сваіх дзяцей...

Апошнія навіны