BE RU EN

Портнікаў: Абранне Трампа – вялікая ўдача

  • 10.11.2016, 15:06

Магчыма, Трамп не дапаможа амерыканцам, якія мараць аб дабрабыце. Але ён можа наблізіць крах пуцінскага рэжыму.

Хваляванне, якое ахапіла свет пасля перамогі мільярдэра Дональда Трампа на прэзідэнцкіх выбарах у Злучаных Штатах, мабыць, яшчэ больш важнае, чым сама гэтая перамога, піша вядомы ўкраінскі журналіст Віталь Портнікаў для liga.net.

Яшчэ ніколі не было, каб прэзідэнт Францыі віншаваў свайго будучага калегу ў такіх стрыманых выразах - і неадкладна ўспамінаў пра ягоную няўдачлівую канкурэнтку. Яшчэ ніколі вядучыя палітыкі не прамаўлялі віншаванні новаму прэзідэнту адзінай у свеце звышдзяржавы літаральна скрозь зубы, а сусветныя СМІ яшчэ ніколі так не спаборнічалі ў апакаліптычных прагнозах.

Можна з упэўненасцю сказаць: свет, за выключэннем хіба што пуцінскай Расеі, не быў гатовы да перамогі мільярдэра. Свет рыхтаваўся да суіснавання са зразумелай і прадказальнай Клінтан - і ўжо ніяк не можа адлюстраваць радасць з нагоды будучага суіснавання з чалавекам, прадказаць дзеянні якога на пасадзе кіраўніка дзяржавы не зможа сёння нават ён сам. Хіба гэта не глабальнае скалынанне ўсіх асноў?

Не, не глабальнае. Не верце тым, хто распавядае вам казкі аб тым, што ў Амерыцы адбылося штосьці зусім новае, чаго не было ніколі і не можа быць заўтра. І не верце аўтарам апакаліптычных прагнозаў.

Так, Злучаныя Штаты за апошнія гады сапраўды вельмі змяніліся, дзякуючы той беспрэцэдэнтнай інфармацыйнай, тэхнічнай і глабалізацыйнай рэвалюцыі, якую перажывае ўвесь свет, але Амерыка - перш за ўсё. Гэтая рэвалюцыя ўжо спарадзіла новых паспяховых людзей, але адначасова стварыла вялікую колькасць аўтсайдэраў, сярод якіх многія былыя прадстаўнікі «сярэдняга класа», якія не могуць знайсці - і не знойдуць сабе належнага месца ў гэтым новым свеце.

І амерыканская эліта, як і кожны іншы істэблішмэнт, проста абавязаная прыстасоўвацца да гэтых новых абставінаў, да гэтых новых лёсаў. Гэта тое, што зразумеў Трамп. І гэта зразумела Клінтан. За абодвух прэтэндэнтаў прагаласавала практычна пароўну выбаршчыкаў.

Трамп перамог толькі таму, што змог прыцягнуць на свой бок былых выбаршчыкаў Абамы, якія спадзяваліся на абяцанні адыходзячага прэзідэнта, а не дачакаўшыся іх выканання, сталі шукаць альтэрнатыву - і ўжо дакладна не маглі яе знайсці ў асобе паплечніцы Абамы. І не проста былых выбаршчыкаў - а менавіта ў тых штатах, якія былі патрэбныя для перамогі, у штатах, дзе рэспубліканскія прэтэндэнты нават і не агітавалі ніколі. Трамп змог перавесці эмоцыі ў матэматыку - і перамог.

Але ягоная перамога тым больш каштоўная, што практычна ніводзін іншы прадстаўнік Рэспубліканскай партыі Злучаных Штатах не мог на яе разлічваць. Мы ўжо прывыклі да сцвярджэнняў, што рэспубліканцы наогул не могуць перамагаць на прэзідэнцкіх выбарах, таму што супраць іх дэмаграфія і раздражненне грамадства супраць традыцыйнага вашынгтонскага істэблішмэнту.

Вось дэмакраты - могуць. Дэмакрат-бунтар Абама - можа. Клінтан літаральна асуджаная на перамогу, бо, акрамя традыцыйных белых выбаршчыкаў, якія падзяляюць каштоўнасці яе партыі, за яе прагаласуюць жанчыны, меншасці, моладзь - словам усе тыя, хто пагардліва моршчыцца ад самога словазлучэння «Рэспубліканская партыя». І, між іншым, усе апошнія выбарчыя кампаніі рэспубліканцаў у паядынку з Абамам толькі пераконвалі ў правільнасці гэтых высноў. Ні ў Маккейна, ні ў Ромні проста не было ніякіх шанцаў - хоць іх і магла падтрымліваць арыфметычна не меншая колькасць выбаршчыкаў, чым Абаму.

Шанец быў толькі ў чалавека, які тараніў бы дэмаграфічную крэпасць дэмакратаў несуцішным папулізмам, эксцэнтрычнасцю і супрацьпастаўленнем сябе існаму палітычнаму класу. Дональд Трамп бліскуча выканаў сваю ролю.

Трэба разумець, што ніводзін іншы рэспубліканскі кандыдат не перамог бы Хілары Клінтан. І ніводзін іншы дэмакратычны кандыдат не перамог бы Дональда Трампа. У Амерыцы з моманту з'яўлення тэлевізійных дэбатаў і масавых мітынгаў практычна заўсёды перамагае той, хто апранае на сябе больш яркую маску бунтаўніка. За апошнія дзесяцігоддзі выключэннем быў хіба што Джордж Буш-старэйшы, чыё прэзідэнцтва было не столькі ягонай асабістай заслугай, колькі эфектным завяршэннем эры Рональда Рэйгана.

Тлумачэнне гэтаму ёсць. Амерыка - гэта не проста вялікая дэмакратыя. Гэта яшчэ і перасяленчая дэмакратыя. Гэта дзяржава, у якой многія пачынаюць з чыстага ліста - і не раз, у якой сацыяльныя адрозненні відавочныя і акцэптаваныя. Імітацыя бунту - залог стабільнасці такой дзяржавы, хоць пры гэтым палітычны клас, фактычна, герметычны і не прызнае аўтсайдэраў.

Мільярдэр Дональд Трамп - такі ж бунтаўнік, якім быў Барак Абама. Такі ж бунтаўнік, якім быў Біл Клінтан. Мабыць, адзіным сапраўдным чужынцам ва ўсёй гэтай кампаніі за апошнія чатыры дзесяцігоддзі быў Джымі Картэр - менавіта з гэтай прычыны ён і ў гады свайго прэзідэнцтва, і пасля яго заканчэння не толькі выглядаў невылечным маргіналам, але і быў ім.

Могуць сказаць, што Дональд Трамп насамрэч не палітычны дзеяч. Што ён ніколі не займаў выбарных пасад. Што ён ніколі не быў звязаны з істэблішментам Рэспубліканскай партыі. Ва ўсім гэтым дакладна толькі тое, што гэта апісвае мінулае.

Трамп - палітычны дзеяч, які зойме выбарную пасаду і які намёртва звязаны з істэблішментам сваёй партыі. Дзякуючы ягонай перамозе ўпершыню за доўгія дзесяцігоддзі рэспубліканцы, якіх ужо хавалі, уважалі за мёртвую партыю, пасля намінацыі Трампа цяпер кантралююць і Белы дом, і палату прадстаўнікоў і сенат. І ведаеце, што я вам скажу? Гэта - выдатна, бо двухпартыйнай сістэма - гэта калі партыі чаргуюцца ў сваёй адказнасці ва ўладзе, а не тады калі адна гуляе ролю ўлады, а іншая - ролю вечнай апазіцыі і парламенцкага раздражняльніка.

Могуць сказаць, што Трамп цяпер плюне на рэспубліканцаў і будзе кіраваць краінай з дапамогай каманды прайдзісветаў. Не будзе, бо такой каманды ў Трампа няма. Не будзе, бо ўсе прызначэнні ў Белым доме праходзяць узгадненне ў кангрэсе. Не будзе, бо нават прэзідэнт у Амерыцы не можа дазволіць сабе пераступіць тую нябачную грань, за якой пачынаецца зона ягонай асабістай турбулентнасці. Не будзе, бо Трамп запраграмаваны на поспех, а гэтага поспеху проста не будзе, калі ён пачне з канфрантацыі з кангрэсам. Не будзе, бо без падтрымкі рэспубліканскага істэблішменту Трамп проста не зможа кіраваць краінай. Не будзе, бо Трамп, як я ўжо пісаў - насамрэч прадукт тых, ад каго ён дыстанцуецца.

Што для нас з гэтага вынікае?

Насамрэч - толькі ўдача. Я ўжо не раз пісаў, што Украіна, будучы анахранічным грамадствам, імкліва рухаецца наперад, у той час як увесь навакольны яе свет ідзе назад. Гэта добра, бо тым хутчэй мы з гэтым светам сустрэнемся, нарэшце і пачнём развівацца сінхронна, калі ён вернецца да паступальнага руху. Абранне Трампа - несумненна, натуральная рэакцыя на грамадскую незадаволенасць. Але гэта незадаволенасць маргінальная і рэакцыя на яе не можа быць сучаснай. Трамп верыць у пратэкцыянізм - і паспрабуе па магчымасці «закрыць» Амерыку. Гэта прывядзе да рэцэсіі ў ЗША, Кітаі і Еўразвязе і як следства - да сур'ёзнага вітка падзення коштаў нафты. Яшчэ адна важны складнік гэтага падзення - гатоўнасць Трампа падтрымліваць сланцавую рэвалюцыю насуперак усім асцярогам эколагаў. Падзенне коштаў нафты важна для нас з пункту гледжання маргіналізацыі і краху пуцінскага рэжыму. Маргіналізацыя і крах гэтага рэжыму - перадумова мірнага развіцця Украіны. Без гэтага Украіна асуджаная боўтацца паміж расейскімі пагрозамі і еўрапейскімі страхамі. Трамп не дапаможа амерыканцам, якія мараць аб працы і дабрабыце. Але затое ён дапаможа нам.

Дамовіцца Дональд Трамп з Уладзімірам Пуціным? Магчыма, ён так думае. Магчыма, сам Пуцін так думае. Але гэтага не можа быць па азначэнні не толькі з пункту гледжання каштоўнасных адрозненняў, а яшчэ і з пункту гледжання таго відавочнага эгацэнтрызму, які вызначае асобы Трампа і Пуціна. Абама ўспрымаў эгацэнтрызм Пуціна спачувальна, хутчэй як захворванне. Трамп успрыме яго як насмешку і прыніжэнне. Важна, каб узаемнае раздражненне, якое будзе нарастаць з пачаткам канфлікту і падагравацца рэспубліканскімі апанентамі Крамля, не перарасло ў адкрытую вайну - але адкінуць такую магчымасць таксама нельга. Для нас важна, каб такая вайна ўспыхнула не на нашай тэрыторыі. Але мы павінны разумець - гэта Пуціна ў выпадку канфлікту з ЗША будзе цікавіць Украіна. А Трампа будзе цікавіць Расея.

Ці будуць пры гэтым амерыканцы нам дапамагаць? Так, відавочна - таму што дапамагаць тым, хто не спрабуе стаць на адну дошку з эгацэнтрыкам, лёгка і прыемна, свая веліч адчуваецца ва ўсёй напоўненасці. І гэта сінтэз велічы і шчырага імкнення рэспубліканскага істэблішменту выправіць замежнапалітычныя пралікі Абамы можа прынесці свае плады. Так, усё гэта не ад добрага жыцця. Так, гэта таму, што мы - усё яшчэ аб'ект, а не суб'ект вялікай палітыкі і не хутка станем суб'ектам.

Але па суб'екту Трамп можа і адбамбіцца – якая справа.

Пры гэтым - так, у ЗША могуць быць праблемы з Мексікай. Могуць быць праблемы з Кітаем. Могуць быць праблемы з Японіяй. Узнікнуць спрэчкі з Еўразвязам, якія пагаршаюцца ўнутраным крызісам самой Еўропы. Наогул будзе мноства вонкавых праблем, як заўсёды пры пратэкцыянісцкай палітыцы ці яе імітацыі. Але пры гэтым ужо хутка стане зразумела, што стварэнне гэтых праблем не толькі не дапамагае развязаць праблемы самой Амерыкі - прычым незадаволенай Амерыкі - але яшчэ і пагаршае іх. Трампу, як і кожнаму палітыку, які скарыстаўся для поспеху папулісцкай фразеалогіяй, давядзецца «пераабувацца» літаральна на хаду.

І апошняе. А нічога, што аўтар так спакойна пра гэта піша, а новы прэзідэнт хваліў Пуціна, абражаў жанчын і паводзіў сябе, як на арэне цырка? Нічога не абурае?

Але што ж рабіць, калі дэмаграфічная і грамадская сітуацыя такая, што прэтэндэнт-рэспубліканец можа падарваць яе, толькі надзеўшы на галаву каўпак блазна?

Калі рэспубліканцы зноў наважаць вылучыць на пасаду кіраўніка дзяржавы добрапрыстойнага, прафесійнага і прывабнага палітыка з досведам, на прэзідэнцкіх выбарах гэтага цудоўнага кандыдата зноў пераможа дэмакрат.

Падкрэсліваю - усякі дэмакрат.

Нават Хілары Клінтан.

Апошнія навіны