BE RU EN

Што гэта за «вучэнні» праводзяць пад Берасцем расейскія дэсантнікі?

  • 8.10.2016, 15:58

Пад Берасце перакінутыя сотні расейскіх дэсантнікаў.

5 кастрычніка ў Берасце для ўдзелу ў супольным двухбаковым батальённым тактычным вучэнні прыбылі падраздзяленні 98-й гвардзейскай паветрана-дэсантнай дывізіі паветрана-дэсантных войскаў Узброеных сіл Расейскай Федэрацыі, паведамляе Мінабароны Беларусі.

Ад Узброеных Сіл Рэспублікі Беларусь у гэтым мерапрыемстве возьмуць удзел падраздзяленні 38-й асобнай гвардзейскай дэсантна-штурмавой брыгады сіл спецыяльных аперацый Узброеных Сіл, разлік беспілотнага авіяцыйнага комплексу цэнтра падрыхтоўкі і ўжывання БАК, авіяцыйная тэхніка 50-й змяшанай авіяцыйнай базы ВПС і войскаў СПА.

Вучэнне пройдзе ў тры этапы пад кіраўніцтвам камандуючага сіламі спецыяльных аперацый Узброеных Сіл Рэспублікі Беларусь. Актыўная фаза вучэння адбудзецца з 18 да 20 кастрычніка на палігоне «Брэсцкі». Падчас мерапрыемства беларускія і расейскія дэсантнікі адпрацуюць пытанні вядзення контрдыверсійных дзеянняў.

У практычных дзеяннях будзе задзейнічана больш за 500 вайскоўцаў, звыш 50 адзінак спецыяльнай і аўтамабільнай тэхнікі, самалёт Іл-76, верталёты Мі-8 і Мі-24.

Правядзенне гэтага вучэння дазволіць зрабіць абмен досведам паміж вайскоўцамі узброеных сіл Рэспублікі Беларусь і Расейскай Федэрацыі, а таксама ўстанавіць адзіныя погляды на методыку падрыхтоўкі і правядзення супольных тактычных вучэнняў.

Супольныя мерапрыемствы баявой падрыхтоўкі з удзелам падраздзяленняў сіл спецыяльных аперацый Узброеных Сіл Рэспублікі Беларусь і паветрана-дэсантных войскаў Расейскай Федэрацыі сталі ўжо традыцыйнымі і праводзяцца штогод на вайсковых палігонах дзвюх дзяржаў.

Апошнія навіны