BE RU EN

Лукашэнкаўскія прапагандысты спалохаліся польскай праграмы Каліноўскага

  • 29.10.2016, 12:06

Галоўны рэдактар выдавецкага дома «Звязда» заявіў, што «так захопнікі тэрыторый забіралі да сябе дзяцей заваяваных народаў і выхоўвалі іх у сваім духу і традыцыях».

Менск няўхільна становіцца падобным на традыцыйныя еўрапейскія культурныя цэнтры і сталіцы, а дзе-нідзе нават пераўзыходзіць іх. Такі пункт гледжання выказаў галоўны рэдактар газеты «Советской Беларуси» Павел Якубовіч падчас тэлепраграмы «Клуб рэдактараў», паказанай у суботнім эфіры канала «Беларусь 1», паведамляе БелТА.

«Калісьці казалі, што Менск - гэта «вёска». А цяпер наўрад ці хто так скажа. У Менску ёсць для моладзі і начное жыццё, і культурнае жыццё ў выходныя дні, якое, дарэчы, значна больш цікавае і крэатыўнае, чым у Вільні. Такое меркаванне, магчыма, і суб'ектыўнае, тым не менш, яно ёсць», - падкрэсліў Павел Якубовіч.

Ён звярнуў увагу, што ў Менск сёння зачасцілі з візітамі прадстаўнікі еўрапейскіх структур. «Гэта сведчыць, што з Беларуссю хочуць мяняць стасункі, адкінуўшы сякія-такія старыя ўяўленні. Але некаторыя «таварышы» вельмі моцна цягнуць назад», - дадаў ён.

Старшыня Нацыянальнай дзяржаўнай тэлерадыёкампаніі Генадзь Давыдзька заявіў, што «асобным апазіцыйным журналістам, якія з'ехалі за мяжу і марыла пра абструкцыю Беларусі, давялося сутыкнуцца з катастрофай надзей і мараў».

«Беларускае грамадства развіваецца вельмі добрымі тэмпамі, - адзначыў ён. - Вядома, ёсць тыя, хто хоча наша грамадства раз'яднаць, і ёсць тыя, хто хоча кансалідаваць».

Удзельнікі дыскусіі падзяліліся сваімі назіраннямі аб тым, што «нейкіх зменаў у Беларусі мацней за ўсіх патрабуюць як раз людзі, якія самі ж знаходзяцца за межамі краіны».

«Чым далей ад Менска - тым больш жадання паклапаціцца за Беларусь. Але калі хтосьці з-за мяжы крытыкуе беларускую эканоміку або сельскую гаспадарку, то ніхто не замінае яму прыехаць і прыняць асабісты ўдзел у працы таго ці іншага сектара народнай гаспадаркі», - заявілі яны.

Прапагандысты таксама абмеркавалі «спробы асобных краін стыпендыямі і грантамі завабліваць да сябе на вучобу моладзь і рыхтаваць з яе спецыялістаў, якія маглі б з цягам часу пасля змены ўлады ўзначаліць новы беларускі ўрад». Відавочна, што гаворка ідзе пра праграму імя Кастуся Каліноўскага, якая дзейнічае ў Польшчы.

Галоўны рэдактар выдавецкага дома «Звязда» Аляксандр Карлюкевіч заявіў, што так «захопнікі тэрыторый забіралі да сябе дзяцей заваяваных народаў і выхоўвалі іх у сваім духу і традыцыях».

«Рэцэпты не новыя: заўсёды асаблівая ўвага накіраваная на моладзь, якую прасцей за ўсё апрацаваць, для яе можна зрабіць пэўныя льготы і затым паставіць нейкія звышзадачы. Але толькі ад таго, якім сёння будзе наша грамадства, ад нашых уласных традыцый, суверэнітэту і дзяржаўнасці, залежыць то, хто будзе кіраваць Беларуссю. Гэта нам не павінна дыктавацца і прыўносіць звонку», - падкрэсліў ён.

Апошнія навіны