BE RU EN

Курсы «Мова нанова» адкрываюцца ў Полацку

  • 27.10.2016, 14:59

Першы занятак правядуць 29 кастрычніка заснавальнікі курсаў Глеб Лабадзенка і Алеся Літвіноўская.

У Полацку пачынаюць працу бясплатныя курсы беларускай мовы «Мова нанова». Першы занятак пройдзе 29 кастрычніка, паведамляе ximik.info.

Курсы «Мова нанова» існуюць з 2014 года. Іх заснавальнікі - журналіст Глеб Лабадзенка і філолаг Алеся Літвіноўская. Яны і правядуць першы занятак у Полацку. Слухачоў запрашаюць у рэстарацыю «Росквіт» на чыгуначным вакзале (вуліца Кастрычніцкая, 50). Пачатак - а 19.00.

Полацк стане другім горадам у рэгіёне пасля Віцебска, дзе дзейнічаюць гэтыя курсы. Яны працуюць таксама ў Менску, Астраўцы, Бабруйску, Баранавічах, Берасці, Горадні, Гомелі, Магілёве, Маладзечне, Светлагорску.

Назва курсаў тлумачыцца проста. Многія беларусы кажуць, што беларуская мова - іх родная мова. Пры гэтым не зусім добра ведаюць яе альбо зусім не ведаюць.

«Таму час прызнацца, што нам пара вучыць беларускую мову зноўку», - кажуць арганізатары.

Канцэпцыя курсаў - неакадэмічнае вывучэнне мовы. Уся інфармацыя - лексіка і граматыка - падаецца праверанай і пісьменнай, але робіцца гэта ў інтэрактыўнай форме, цікава і нязмушана.

У чэрвені 2014 курсы «Мова нанова» атрымалі Гран-пры фестывалю беларускамоўнай рэкламы ADNAK у намінацыі «Грамадсказначныя праекты». У снежні 2014 го курсы перамаглі на конкурсе «Падзея года» на V фестывалі нефармальнай адукацыі.

Апошнія навіны