Актывісты ўнеслі бел-чырвона-белы сцяг у Міністэрства культуры
- 27.10.2016, 14:39
Мінкультуры зарэгістравала 10,5 тысячы подпісаў пад патрабаваннем прызнаць нацыянальны сцяг гісторыка-культурнай каштоўнасцю.
Актывіст Зміцер Дашкевіч разам з аднадумцамі сёння, 27 кастрычніка, перадаў у Міністэрства культуры больш за 10 тысяч подпісаў, сабраных за ўключэнне бел-чырвона-белага сцяга ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцяў, паведамляе nn.by.
Збор подпісаў адбываўся ў Менску з 19 верасня да 19 кастрычніка. Дашкевіч прыйшоў сёння з шасцю аднадумцамі, якія і сабралі асноўную колькасць подпісаў.
«Мяркую, мы гэтым прыкладам паказалі, што ў Беларусі можна працаваць і мець кантакт з грамадствам. Галоўнае - нам удалося».
Дашкевіч прынёс бел-чырвона-белы сцяг як падарунак міністэрству.
«Подпісы збіраліся не раз, і Мінкультуры ў адным са сваіх адказаў заявіла, што няма сцягу, які можна прызнаць гістарычнай каштоўнасцю. Таму мы прыкладзем сцяг да подпісаў, нават падорым яго!» - сказаў Дашкевіч.
У кабінеце №605 Змітра спыталі, ці не ён падаваў калектыўны зварот праз Інтэрнэт. Пасля станоўчага адказу супрацоўніцы заявілі, што адказ на ліст з электроннымі подпісамі ўжо адпраўлены. Зміцер адказаў, што нічога не атрымліваў і папрасіў у асобным парадку прыняць подпісы на паперы.
«Мы зрабілі копіі подпісаў на той выпадак, калі вы іх страціце», - з іроніяй сказаў Дашкевіч.
Супрацоўнікі прапанавалі, што, прымаючы дакумент, пералічаць усе подпісы. Зміцер прапанаваў палічыць толькі лісты, бо на кожным з іх аднолькавая колькасць подпісаў. У выніку супрацоўнікі міністэрства зарэгістравалі зварот.