BE RU EN

Ад беларускіх студэнтаў патрабуюць бязвыплатнага донарства

  • 27.10.2016, 10:38

Да бясплатнага донарства Беларусь плануе перайсці да 2020 года.

Рух бязвыплатнага донарства плануюць запусціць у ВНУ Беларусі, паведаміў дырэктар Рэспубліканскага навукова-практычнага цэнтра (РНПЦ) трансфузіялогіі і медыцынскай біятэхналогій Фёдар Карпенка падчас пасяджэння калегіі Міністэрства адукацыі, якое прысвечана ідэалагічнай і выхаваўчай рабоце, паведамляе БелТА.

«Мы хочам запусціць рух бязвыплатнага донарства сярод студэнтаў вышэйшых навучальных устаноў, як гэта зроблена ў Расеі, у шэрагу іншых замежных краін», - сказаў ён.

Дырэктар РНПЦ выказаў надзею на дапамогу прарэктараў ідэалагічнай і выхаваўчай работы аддзелаў, якія курыруюць гэтую працу. Сумесна будуць вызначаны валанцёры, праведзена агітацыя з удзелам арганізацый пералівання крыві ў кожнай вобласці. Для запуску праграмы будуць распрацаваны слоган і лагатып. Графік прыезду арганізацый пералівання крыві ўзгодняць з Міністэрствам адукацыі.

Ад платнага донарства адыходзяць ва ўсім свеце, адзначыў Фёдар Карпенка. Беларусь плануе перайсці на бязвыплатнае донарства крыві да 2020 года.

У Беларусі стаць донарамі могуць абсалютна здаровыя людзі ад 18 гадоў (жанчыны - да 55 гадоў, мужчыны - да 60). Сярэдні ўзрост донараў у краіне - 30-50 гадоў. Існуе навукова даведзены факт - для здаровага чалавека донарства крыві карыснае. Без рызыкі для здароўя здаваць кроў пры адсутнасці супрацьпаказанняў можна кожныя 2 месяцы, а плазму крыві - кожныя 2 тыдні. Здача 450 мл крыві і 600 мл плазмы не аказвае шкоднага ўздзеяння на арганізм здаровага чалавека і не ўплывае на яго працаздольнасць. Рэгулярнае донарства крыві стымулюе кроваўтварэнне і, адпаведна, самаабнаўленне арганізма. У актыўных донараў арганізм хутчэй аднаўляецца пасля страты крыві.

Донары радзей хварэюць прастуднымі, сардэчна-сасудзістымі, анкалагічнымі захворваннямі, а таксама захворваннямі страўнікава-кішачнага тракту. Актыўнае донарства - гэта і прафілактыка атэрасклерозу, парушэнняў дзейнасці печані, падстраўнікавай залозы.

Апошнія навіны