BE RU EN

КДБ выклікаў актывіста на гутарку праз назіранне за «выбарамі»

  • 26.10.2016, 15:39

Актывісту руху «За свабоду» пагражаюць адлічэннем з менскага каледжа за 4 месяцы да дыплома.

Сябра руху «За свабоду» Вадзім Бабін заявіў на сайце руху пра пагрозу адлічэння з Менскага дзяржаўнага тэхналагічнага каледжа з боку супрацоўніка КДБ.

Бабін сцвярджае, што 25 кастрычніка блізу 12 гадзін дня яго выклікалі ў кабінет дырэктара, дзе чалавек, які прадставіўся супрацоўнікам КДБ, пытаўся ў яго пра ўдзел у кіеўскім марафонскім забегу-эстафеце ў камандзе «За свабоду» і ўдзел у назіранні за «выбарамі». Мужчына загадаў актывісту спыніць сяброўства ў руху, інакш яго адлічаць (студэнту засталося давучыцца 4 месяцы да выпуску).

«Ён не паказваў дакументаў, але быў дасведчаны ва ўсім, таму не было сумненняў, што ён з КДБ, - распавёў «Свабодзе» Бабін. - Пытаўся пра маю пазіцыю, ці буду я далей удзельнічаць у руху. Пагражаў, што адлічаць, але я ўсё адно застануся ў руху».

Дырэктар каледжа Мікалай Цырэльчук пацвердзіў, што размова адбывалася ў ягонай прысутнасці, але заявіў, што гэта быў не супрацоўнік КДБ, а размова была не пра выключэнне. Казаць, хто гэта быў і пра што размаўлялі, ён адмовіўся.

«Ніхто нікім не прадстаўляўся падчас гэтай размовы, на тэму палітычнай дзейнасці ніхто з ім не размаўляў, ніхто нікому не пагражаў ніякім адлічэннем. Я гэта вам дакладна кажу, бо гэта было ў маёй прысутнасці, - заявіў Цырэльчук. - Выключэннем яму мог бы я пагражаць, калі б мой навучэнец дапускаў пропускі заняткаў, меў нездавальняючыя адзнакі. Але ён у нас вельмі добра вучыцца. Можна сказаць, адзін з найлепшых вучняў у сваёй групе! І ходзіць на ўсе заняткі. Ніякага выключэння не можа быць і блізка. Што яму здалося, я не ведаю».

Апошнія навіны