BE RU EN

У Менску ўзнагародзілі пераможцаў конкурсу «Заспявай 3.0»

  • 24.10.2016, 20:46

Пераможцы ў розных намінацыях выканалі свае найлепшыя песні.

У менскім клубе «Каёт» узнагародзілі пераможцаў конкурсу маладых выканаўцаў «Заспявай 3.0». Кожны з іх выйшаў на сцэну з сэтам найлепшых песень, паведамляе «Белсат».

Трыа Дзіма Нікановіч–Вольга Сацюк–Мікіта Найдзёнаў вылучылі ў намінацыі «Замежны пераклад». На канцэрце пераможцаў яны прэзентавалі песню «Абяцаю», з якою возьмуць удзел у адборы на «Еўрабачанне».

«З новай песняй, якую мы з Воляй запісваем, і Мікіта яе аўтар – і слоў, і музыкі, зможам паўдзельнічаць не толькі ў такіх цудоўных конкурсах тыпу «Заспявай 3.0», а яшчэ і ў больш сур’ёзных, як «Еўрабачанне». Прынамсі, нацыянальны адбор мы зможам прайсці», – кажа спявак Дзіма Нікановіч.

Дзякуючы перамозе ў намінацыі «Спяваная паэзія» Pauline з сваім гуртом атрымалі магчымасць скончыць запіс дэбютнага альбому. Куды ўвойдзе і песня «Людзі, дзе вы», прызнаная найлепшаю на конкурсе.

«Мне гэты конкурс прынёс вельмі цудоўную песню, якую я напісала выключна для конкурсу і нават не разлічвала на тое, што яна атрымаецца такая душэўная, шчырая і глыбокая», – кажа спявачка Pauline.

Пераможца ў намінацыі «Беларускі кавэр», гурт «Leibonik», дзякуючы конкурсу «Заспявай», зноў сабраўся разам.

«Мы ўзнавілі дзейнасць гурта, уз’ядналіся, вырашылі заняцца працай над альбомам, таму што яна была ў падвешаным стане. І робячы адну песню, зрабілі яшчэ новыя песні, і будзем надалей рабіць», – заявіў Сяргей Башлыкевіч з гурту «Leibonik».

Сёлетніх пераможцаў падтрымаў гурт «Navi», уладальнік Гран-пры мінулага конкурсу «Заспявай».

Апошнія навіны