Менскіх школьнікаў прымушаюць здаваць шклотару
- 24.10.2016, 14:39
Кожны клас павінен здаць мінімум 20 кілаграм шкла.
Фотаздымак з адпаведнай абвесткай апублікаваў у «Фэйсбуку» вядомы рэпетытар Яўген Лівянт. Паводле ягоных слоў, фотаздымак быў зроблены ў адной з менскіх гімназій і адпраўлены яму.
У аб'яве гаворыцца, што кожны клас павінен здаць па 20 кг шкла для другаснай перапрацоўкі. «Сабранае шкло назапашваем ва ўнутраным двары гімназіі пад аркай справа ў кардонныя скрынкі», - паведамляецца ў аб'яве за подпісам намесніка дырэктара ў выхаваўчай працы А.Б. Кругера.
Як высветліла «Еўрарадыё», чалавек з прозвішчам Кругер і ініцыяламі А. Б. працуе ў сталічнай гімназіі №22. Там пацвярджаюць - Аляксей Барысавіч Кругер насамрэч з'яўляецца намеснікам дырэктара.
Дырэктар гімназіі №22 Ларыса Адашкевіч распавяла, што гэта нейкі жарт.
«Такога няма, нашы вучні не збіраюць шкло і шклотару. Там на аб'яве ёсць подпіс Кругера? Няма. Гэта ўсяго толькі жарт», - кажа яна. Яшчэ ў дзвюх гімназіях Менска распавялі, што пра збор вучнямі шклатары не чулі. «Шклотара? Мы толькі макулатуру збіраем. Макулатуру - так. А пра шкло першы раз чуем», - распавядаюць у гімназіі №10.