BE RU EN

У Менску дамалявалі істотную дэталь на графіці пра «дружбу» з Масквой

  • 24.10.2016, 10:51

Невядомыя намалявалі калючы дрот на графіці аб дружбе Менска і Масквы на шматпавярхоўцы на вуліцы Магілёўскай, 32.

У букеце і вянку з рамонкаў і васількоў менчукі заўважылі новы элемент - калючы дрот. Фатаграфіі даслаў у рэдакцыю tut.by фатограф Egor Budgawl. Хто перарабіў малюнак - невядома.

Кіраўнік групы стрыт-арт-мастакоў «Signal» Алег Ларычаў распавёў «Радыё Свабода», што «праўкі» былі ўнесены раніцай 23 кастрычніка з выкарыстаннем пад'ёмніка. Аўтара «правак» група пакуль не называе. Ларычаў кажа, аўтар уклаў у сваю работу пасланне: «Калі дзяржава ўзялася за стрыт-арт, хай прымае правілы гульні».

Група «Signal» перадала «Свободзе» словы ананімнага аўтара:

«Мяне хлебам не кармі, дай толькі расказаць канцэпцыю чарговай сваёй працы. Але ў гэтым выпадку я б не стаў так рабіць. Хай свабода трактовак гэтага жэсту будзе поўнай і бязмежнай, не хачу абмяжоўваць яе сваімі нейкімі заявамі. Калі ім падабаецца такая версія, як агучана вышэй, дык няхай будзе так, я не супраць - несвабоды ў нас амаль столькі ж, колькі свабоды».

Нагадаем, у чэрвені расейскі мастак Артур Кашак прадставіў сваё графіці на сталічнай шматпавярхоўцы. Гэта стала своеасаблівым падарункам да Дня Масквы ў Менску. Менчукі тады адрэагавалі на малюнак па-рознаму.

Раней аўтар малюнка распавёў, што на графіці сышло блізу 300 балончыкаў фарбы, і гэтая праца стала для яго на той момант самай маштабнай.

Як паведамлялі сталічныя ўлады, хлопчык на малюнку сімвалізуе Менск, а дзяўчынка - Маскву. На іх кашулях - гербы гэтых гарадоў. Праца была выкананая на ініцыятыву прадстаўніцтва горада Масквы.

Вось так графіці выглядала раней:

Апошнія навіны