BE RU EN

Украіна патлумачыла вяртанне самалёта «Белавія» ў аэрапорт Кіева

  • 22.10.2016, 10:27

Пастанова была прынятая на патрабаванне Службы бяспекі Украіны (СБУ).

Пасажырскі самалёт беларускай авіякампаніі «Белавія» вярнуўся ў Міжнародны аэрапорт Кіева «Жуляны» на патрабаванне Службы бяспекі Украіны (СБУ).

Пра гэта паведамляе «Інтэрфакс» са спасылкай на Украэрацэнтр – падраздзяленне дзяржпрадпрыемства ў абслугоўванні паветранага руху Украіны (Украэрорух).

У дыспетчарскай службе патлумачылі, што толькі выконвалі ўказанне СБУ. Гэтыя звесткі інфармагенцтву пацвердзілі ў прэс-службе Міністэрства інфраструктуры Украіны, аднак па дэталёвыя тлумачэнні параілі звярнуцца да ініцыятараў вяртання самалёта.

Вылецелы з Кіева ў Менск 21 кастрычніка рэйсам В2-840 пасажырскі «Боінг 737-800» авіякампаніі «Белавія» за 50 кіламетраў да паветранай прасторы Беларусі быў вымушаны вярнуцца ў аэрапорт «Жуляны» У адваротным выпадку ўкраінскі бок (дыспетчар кіравання паветранага руху раённага цэнтра «Кіеў», які ўваходзіць у дзяржпрадпрыемства абслугоўвання паветранага руху «Украэрарух») пагражаў узняць у паветра знішчальнікі.

Пасля прызямлення праваахоўнікі знялі з борта аднаго з пасажыраў, грамадзяніна Арменіі. «Знялі з борта мужчыну з прозвішчам Марцірасян. Нам абвесцілі, што ён – супрацоўнік СБУ і падазраецца ў злачынствах», – апавёў адзін з пасажыраў.

Лайнер паляцеў у Менск без яго, пазней затрыманы быў адпушчаны і скіраваўся ў беларускую сталіцу іншым рэйсам.

У «Белавія» заявілі, што будуць патрабаваць з «Украэраруха» кампенсаваць ёй выдаткі, панесеныя праз вяртанне борта ў Жуляны.

Апошнія навіны