BE RU EN

Жыхарам Берасцейшчыны прапануюць самім даказаць, што яны не «дармаеды»

  • 22.10.2016, 10:18

Асаблівую цікавасць для падатковай уяўляюць тыя, хто працаваў у Расеі.

Брэсцкая абласная падатковая, прадаўжаючы шукаць дармаедаў, надумала папрасіць дапамогі ў саміх жыхароў рэгіёну. Яна звярнулася да «грамадзянаў, якія жылі, працавалі або вучыліся за мяжой больш за 183 дзён у 2015 годзе», з просьбай падаць адпаведныя дакументы ў падатковы орган.

Супрацоўнікі інспекцыі тлумачаць гэта жаданнем выключыць памылкі пры адпраўцы апавяшчэнняў на выплату збору на фінансаванне дзяржвыдаткаў, асабліва тым, хто быў доўга ў Расеі.

«Калі чалавек працаваў, вучыўся ці проста жыў у Расеі, то ў нас няма пра гэта ніякай інфармацыі, – каментуе tut.by сітуацыю намеснік кіраўніка інспекцыі МПЗ у Берасцейскай вобласці Галіна Ждадзеня. – З іншымі краінамі прасцей: даведаліся дату выезду і ўезду – вось і ўсё. А з Расеяй у нас мяжы няма».

Так што інспекцыя надумала нагадаць тым людзям, якія ведаюць, што могуць патрапіць у базу плацельшчыкаў, што лепш расказаць пра сябе самастойна. «Бо калі прыйдзе паведамленне, давядзецца ўсё адно тлумачыць», – удакладняе намеснік кіраўніка.

Інфармацыю можна падаць любым спосабам – асабіста, поштай альбо электронным лістом – у падатковы орган паводле месца жыхарства.

Нагадаем, што памылковыя апавяшчэння сапраўды прыходзяць да беларусаў. Напрыклад, нядаўна ледзь не далучылі да «дармаедаў» маладую маму з Магілёва і памерлага два гады таму бабруйчаніна.

Аднак Брэсцкая абласная інспекцыя сцвярджае, што падобныя скаргі пакуль да іх не даходзілі. «Калі памылкі і былі, то іх няшмат і развязваліся яны хутка, на мясцовым узроўні», – кажа Галіна Ждадзеня.

У іншых інспекцыях досвед Бярэсця пераймаць не спяшаюцца, але кажуць, што добраахвотная дапамога людзей ім вельмі спатрэбілася б.

«Мы ўсё ж такі стараемся сваімі сіламі правяраць гэтую інфармацыю, – заяўляе першы намеснік кіраўніка інспекцыі МПЗ у горадзе Менску Надзея Болдырава. – Зразумела, што калі грамадзянін прыйдзе да нас, то гэта значна лягчэй – не трэба аналізаваць базы. Міністэрства вызначыла для сябе прыярытэт у тым, каб мінімальна ўцягваць у гэты працэс людзей. Мы павінны спачатку максімальна адпрацаваць тое, што ў нас ёсць, потым, магчыма, намагацца развязаць пытанні праз тэлефон. Лепш мы некалькі разоў усё праверым, чым адправім памылковае апавяшчэнне».

Пры гэтым у Менску, паводле інфармацыі інспекцыі, пакуль што не было выпадкаў з памылковым накіраваннем паведамлення. «Але памылкі не выключаныя. Пры чым не ў нас нават, а ў той інфармацыі, якую падаюць іншыя ўстановы», – падкрэслівае Надзея Болдырава.

Нагадаем, падатковыя органы пакуль змаглі знайсці сярод беларусаў толькі каля 10 тысячаў «дармаедаў».

Апошнія навіны