BE RU EN

Украіна прыняла дэкларацыю аб адказнасці СССР за пачатак Другой сусветнай вайны

  • 20.10.2016, 14:37

Услед за Украінай такую дэкларацыю салідарнасці прымуць Польшча і Літва.

Вярхоўная Рада Украіны прыняла дэкларацыю салідарнасці парламентаў Украіны, Польшчы і Літвы з нагоды пачатку Другой сусветнай вайны. Пра гэта ў чацвер, 20 кастрычніка, паведамляе тэлеканал «112 Украіна».

У дакуменце адказнасць за пачатак Другой сусветнай вайны ўскладаецца на нацысцкую Нямеччыну і Савецкі Саюз.

«Мы прыцягваем увагу да таго факту, што пакт Рыбентропа-Молатава ад 23 жніўня 1939 года, укладзены паміж двума таталітарнымі рэжымамі - камуністычным Савецкім Саюзам і нацысцкай Германіяй, прывёў да распачынання 1 верасня Другой сусветнай вайны, выкліканай агрэсіяй Германіі, да якой 17 верасня далучыўся савецкі Саюз», - падкрэсліваецца ў дэкларацыі.

Таксама сцвярджаецца, што «тыя падзеі прывялі таксама да прыняцця ў Ялце ў 1945 годзе пастаноў, якія пачалі новы этап прыгнёту ўсёй Усходняй і Цэнтральнай Еўропы, які доўжыўся паўстагоддзя».

Спікер украінскага парламента Андрэй Парубій заявіў, што дэкларацыю павінен таксама прыняць польскі Сойм. Як адзначае тэлеканал са спасылкай на кіраўніка камітэта Рады ў замежных справах Ганну Гапко, у Літве дэкларацыя будзе разглядацца парламентам новага склікання, які абраны ў выніку выбараў у кастрычніку.

Апошнія навіны