BE RU EN

Адам Мальдзіс гатовы адмовіцца ад звання ганаровага грамадзяніна Астраўца

  • 20.10.2016, 11:09

Прафесара абурыла, што ў Астраўцы хочуць спілаваць векавыя дубы, каб на іх месцы пабудаваць квартал «атамшчыкаў».

84-гадовы Адам Мальдзіс, ураджэнец Астравецкага раёна Гарадзенскай вобласці, праз «Нашу Нiву» выказаў свае думкі землякам.

«Як толькі ўлады Астраўца могуць рабіць замах на тое, што ў іх на гербе!? - Абурыўся Адам Іосіфавіч. - Дуб - гэта ж спрадвечны сімвал Астраўца!».

«Там жа, у Астраўцы, быў маёнтак віленскага ваяводы Альбрэхта Гаштольда - аднаго з арганізатараў выдання і «распрацоўшчыка» Статута ВКЛ. Неаднаразова туды ездзілі віленскія арыстакраты, і нават кароль, і - я ўпэўнены - і наш першадрукар Скарына, бо ў 1526-1530 гг. ён служыў у віленскага біскупа Яна. А біскуп быў сынам польскага караля, - распавёў Мальдзіс. - І дарогу з Вільні ў Астравец называлі «каралеўскай», а ў гістарычных дакументах яе называюць «вялікай», таму што па ёй адбываўся сапраўды вялікі рух. Дарога была абсаджана менавіта дубамі - дуб быў сімвалам каралеўскай улады. Дубы былі і ў маёнтку, і каля касцёла. У астатніх мястэчках і маёнтках дубоў няма. І нават калі тыя дрэвы высаджваліся пазней, то ўсё роўна - гэта частка нашай гісторыі, якую нельга знішчаць».

Мальдзіс паведаміў, што ён гатовы пратэставаць супраць вырубкі дубоў. Прычым, даволі нечаканым чынам.

«Мне прысвоілі званне ганаровага грамадзяніна Астраўца - тады яшчэ не горада, а гарадскога пасёлка. Калі гэтую высечку не адменяць, то я адмоўлюся ад звання», - з горыччу сказаў Адам Іосіфавіч.

«Месца ім мала! Высякаюць такія дрэвы, якія былі б упрыгожваннем любога горада, любога квартала! Ды ў любой краіне людзі гатовыя дорага заплаціць, каб мець такі прыгожы дуб на сваёй вуліцы, а ў нас пераводзяць бензін і псуюць пілы, каб іх спілаваць», - эмацыйна напісаў «Нашай Нiве» чытач з Астраўца, які папрасіў назваць яго Мар'янам.

Высветлілася, што займаецца працамі даччынае прадпрыемства мясцовага ЖКГ пад назвай «Вытворча-рамонтны ўчастак».

Гэта абумоўлена планам забудовы, які ўжо прайшоў усе экспертызы і зацверджаны. На гэтым месцы будуць пракладаць газаправод, кажа дырэктар прадпрыемства Казімір Багдановіч.

Тым часам «Наша Нiва» атрымала і іншы ліст ад чытачоў Вячаслава П. і Дыяны Д., якія сігналізуюць, што «пад нож» для будаўніцтва новага мікрараёна (паміж вёскамі Каменка, Слабодка і самім Астраўцом) пойдзе цэлы ландшафтны луг з больш чым 40 дубамі.

Апошнія навіны