BE RU EN

Як журналісты спрабавалі знайсці ў Менску манетніцу

  • 2.10.2016, 12:59

У сталіцы пачалі прадаваць манетніцы для новых беларускіх грошай.

Наколькі яны зручныя, высвятляла карэспандэнтка агенцтва «Менск-Навіны».

Перш за ўсё схадзілі ў гарадскія ўнівермагі, там манетніцы атрымалася знайсці ў галантарэйных аддзелах. Праўда, у вітрыне замест арганайзера з вочкамі - маленькі скураны кашалёк цаною ад 7 да 20 рублёў.

Затым адправілася ў гандлёвыя цэнтры. Інтэрнэт падказаў, у якім з павільёнаў трэба шукаць. На адным прылаўку знаходзіцца штучка, падобная на пудраніцу, - люстэрка і сховішча для дробязі. Кошт - 19 рублёў 90 капеек. Праўда, не ясна, чаму для васьмі айчынных манетных наміналаў прадугледжана толькі сем вочак?

- Гэтыя манетніцы робяць у Кітаі, і разлічаныя яны на еўра. Але памер у еўрапейскіх і беларускіх манет цалкам аднолькавы. Мы правяралі, - запэўніла прадавец. - У адно з вочак ніякая з нашых капеек ня падыходзіць, можна ўстаўляць туды жэтон для праезду ў метро.

У рэчаіснасці габарыты грошай не такія ўжо і аднолькавыя. Так, ячэйка для 50 цэнтаў адпавядае нашым 2 рублям, да 20 цэнтаў падыходзяць 50 капеек, да 10 - 20 капеек. У яблычак трапляюць толькі 1 рубель, 2 і 5 капеек. А 1 і 10 капеек наогул выпадаюць з абоймы. Іх давядзецца класці ў кашалёк або кішэню.

Дарэчы, аб цане: такія манетніцы можна лёгка знайсці ў кітайскіх інтэрнэт-крамах па мінімальнай цане 2 даляры 28 цэнтаў, або 4 рублі 4 капейкі.

А вось іншы выраб - класічнага ўзору, амаль як у БССР, толькі з пластыка. Кошт - 14 рублёў 90 капеек. Пры першым выпрабаванні пластыкавая «цэгла» шустра праглынула 10 капеек і не вярнула назад. Механізм, таксама разлічаны на еўрапейскія памеры, захрас.

Знайшлі яшчэ адзін арганайзер, прыдатны пад нашы манеты, - стыльны, невялікага памеру, выкананы з экошпону. Але ў гэтым і падвох. Са слоў спецыялістаў, матэрыял не цалкам прымальны для такога вырабу - праслужыць нядоўга і хутка разваліцца. Таксама з манетніцай можна развітацца, калі яе намачыць або выпусціць.

Дарэчы, беларускія дызайнеры ўжо распрацавалі манетніцы спецыяльна для беларускіх грошай. Але купіць іх пакуль нельга.

Апошнія навіны