BE RU EN

Жыхары Віцебска дамагліся прыпынення будаўніцтва «газпромаўскай» царквы

  • 15.10.2016, 18:55

Віцебцы прадаўжаюць змагацца супраць будаўніцтва на грошы «Газпрома» Сафійскага сабора на тэрыторыі парку.

У горадзе нават створаны адмысловы нефармальны грамадскі камітэт. Каардынатарка аргкамітэта для стварэння партыі «Беларуская хрысціянская дэмакратыя» Таццяна Севярынец - сярод ініцыятараў гэтай барацьбы, паведамляе «Радыё Рацыя».

«Першую перамогу нібыта мы атрымалі, - паведаміла грамадская актывістка, - на нядаўняй сустрэчы з прадстаўнікамі гарвыканкама намеснік галоўнага архітэктара Віцебска Леанід Багданаў паведаміў, што будаўніцтва сабора прыпыненае».

- На сустрэчы ніхто дакладна не мог адказаць на пытанні людзей. І тут Багданаў зразумеў, каб людзі супакоіліся, трэба сказаць, што будаўніцтва прыпыненае, пакуль не знойдзецца кансэнсус паміж ініцыятарамі будаўніцтва з мясцовай епархіі і жыхарамі. Карацей, будуць яны шукаць нейкую згоду.

Багданаў таксама паабяцаў арганізаваць наступную сустрэчу для абмеркавання гэтага пытання ў памяшканні з мікрафонамі, каб было добра чуваць выступоўцаў. Людзі ж наважылі не спыняцца і збірацца па панядзелках ля помніка беларускаму пісьменніку Уладзіміру Караткевічу, каб раіцца і вызначаць, як абараніць парк.

Нагадаем, у 2015 годзе стала вядома, што ў Віцебску на грошы «Газпрома» хочуць пабудаваць макет полацкага Сафійскага сабора і дзеля гэтага знішчыць тысячы квадратных метраў садоў і паркаў.

Апошнія навіны