BE RU EN

У Менску веласіпедыст напаў на сямейную пару

  • 13.10.2016, 10:31

Міліцыя Першамайскага раёна Менска шукае веласіпедыста, які падазраецца ў хуліганстве.

Інцыдэнт здарыўся яшчэ 12 верасня. Увечары, а 18:10, у раёне станцыі метро «Парк Чалюскінцаў» веласіпедыст не падзяліў тратуар з сямейнай парай, якая выходзіла з падземнага пераходу, паведамляюць naviny.by.

Веласіпедыст прад'явіў пары прэтэнзіі з нагоды таго, што яны не глядзяць па баках. А потым, калі пачаўся «слоўны канфлікт», некалькі разоў ударыў мужчыну па твары.

Прыкметы падазронага: на выгляд 30-35 гадоў, моцнага целаскладу. Быў апрануты ў бейсболку чорнага колеру, чырвоную майку, шорты чорнага колеру. Рухаўся на невялікім веласіпедзе «STELS» сіняга колеру.

Нагадаем, сёлета адзін канфлікт паміж веласіпедыстам і пешаходам ужо скончыўся гучным судом. Анатоля Грынкевіча, вядомага як «раварыст з бітай», прызналі вінаватым у асабліва злосным хуліганстве.

Пракурорка прасіла для мужчыны 7 гадоў турмы, адвакат намагаў на пакаранні без пазбаўлення волі. Пасля некалькіх дзён разгляду справы суд прызнаў Грынкевіча вінаватым і прысудзіў да 5 гадоў калоніі і 10 тысяч рублёў маральнай кампенсацыі пацярпеламу - маладому фатографу Васілю Дземідовічу, з якім Грынкевіч сутыкнуўся на тратуары.

Апошнія навіны