BE RU EN

Парашэнка назваў «Паўночную плынь - 2» палітычным праектам супраць ЕЗ

  • 21.01.2016, 12:55

Прэзідэнт Украіны Пятро Парашэнка заявіў, што праект «Паўночная плынь - 2» накіраваны супраць Украіны і многіх краін Еўразвязу.

Украіна і ЗША маюць намер перашкаджаць рэалізацыі «Паўночнай плыні - 2», бо гэты праект з'яўляецца асабліва палітычным і накіраваным як супраць Украіны, так і супраць многіх краін Еўразвязу. Пра гэта распавёў прэзідэнт Украіны Пятро Парашэнка пасля сустрэчы з віцэ-прэзідэнтам ЗША Джо Байдэнам, якая прайшла ў Давасе, паведамляецца на сайце ўкраінскага прэзідэнта.

«Было выразна адзначана, што праект «Паўночная плынь - 2» з'яўляецца палітычным, накіраваным як супраць Украіны, так і супраць значнай колькасці дзяржаў Еўрапейскага звязу, і мы будзем эфектыўна дзейнічаць, каб яго спыніць», - сказаў Парашэнка.

Ён дадаў, што на сустрэчы з Байдэнам, якая доўжылася больш за чатыры гадзіны, абмяркоўваліся таксама іншыя пытанні, між іншым, менскія дамоўленасці і рэформы на Украіне. Парашэнка заявіў, што Украіна і ЗША прыйшлі да высновы, што альтэрнатывы менскім працам няма, і Вашынгтон цалкам падтрымлівае Кіеў адносна поўнай імплементацыі менскіх пагадненняў, піша РБК.

Аб паднятай на сустрэчы з Байдэнам тэме ўкраінскіх рэформаў Парашэнка сказаў, што бакі дамовіліся прадоўжыць і актывізаваць супрацоўніцтва ў гэтым пытанні.

Пагадненне аб будаўніцтве другой чаргі «Паўночнай плыні» было складзенае ў верасні 2015 паміж «Газпрамам» і кансорцыумам пяці еўрапейскіх кампаній - нямецкіх E.ON і BASF/Wintershall, англа-галандскай Shell, аўстрыйскай OMV і французскай ENGIE. Меркавалася, што «Паўночная плынь - 2» павялічыць пастаўкі расейскага газу ў Еўропу па дне Балтыйскага мора.

У студзені 2016 Bloomberg паведаміў, што найбольш верагодным кандыдатам на будаўніцтва «Паўночнай плыні - 2» з'яўляецца італьянская кампанія Saipem SpA. Паводле звестак агенцтва, кампанія ўжо вядзе перамовы з «Газпрамам».

Апошнія навіны