BE RU EN

На канцэрце «Салідарныя з Беларуссю» выступяць «Воплі Відаплясава», Shuma і Dzieciuki

  • 4.09.2015, 20:13

З Менска ў Варшаву на канцэрт будзе арганізаваны аўтобусны тур з бясплатнымі візамі.

Традыцыйны канцэрт у Варшаве пройдзе сёлета перад Палацам культуры і навукі 2 кастрычніка, паведамляе Tuzin.fm.

Фелікс Тушка, старшыня ініцыятывы «Свабодная Беларусь», якая праводзіць мерапрыемства, тлумачыць, што перанос звязаны з правядзеннем «прэзідэнцкіх выбараў» у Беларусі: «Нам важна, каб канцэрт адбыўся перад самымі выбарамі. Мы памятаем, што адбылося ў 2010 годзе, калі большасць канкурэнтаў Лукашэнкі патрапілі ў турму. Мяркуем, што гэты канцэрт будзе магчымасцю для жыхароў і гасцей Варшавы выказаць сваю падтрымку дэмакратычным пераўтварэнням у Беларусі».

Канцэрт зазвычай праводзіўся на Кракаўскім прадмесці, а сёлета пройдзе каля Палаца культуры і навукі. Заяўленыя выступы гуртоў Dzieciuki, Shuma, а таксама праект Пятра Клюева «Амплітуда смеласці». Акрамя беларускіх выканаўцаў у ім возьме ўдзел украінскі гурт «Воплі Відаплясава», а таксама польскія выканаўцы Аня Русовіч, Enej і Hańba!

Акрамя канцэртаў у рамках акцыі пройдзе шэраг суправаджальных імпрэз - выставы, пэрформансы, паказы фільмаў. Сярод іншага запланаваная прэм'ера стужкі пра гурт «Крамбамбуля» - «Свабоду не спыніць».

З Менска ў Варшаву на канцэрт будзе арганізаваны аўтобусны тур з бясплатнымі візамі. Падаць заяўку можна праз спасылку.

«Салідарныя з Беларуссю» праводзіцца з 2006 года. Летась хэдлайнэрамі акцыі стаў гурт «Ляпіс Трубяцкі», гэта быў адзін з апошніх выступаў каманды ў яе гісторыі.

Апошнія навіны