Следчы камітэт уважае збіццё «графіцістаў» за законнае
- 29.09.2015, 16:09
Яраславу Ульяненкаву, аднаму з затрыманых паводле «справы графіцістаў» адмовілі ў распачынанні крымінальнай справы ў дачыненні да дзеянняў міліцыі.
У адказе за подпісам А. С. Вераб'я, старэйшага следчага Фрунзенскага раённага аддзела Следчага камітэта, паведамляецца, што паводле факту збіцця пры затрыманні праведзеная праверка. У выніку гэтай праверкі ў распачынанні крымінальнай справы адмоўлена, бо ў дзеяннях міліцыянтаў адсутнічаў склад злачынства, піша «Наша ніва».
«Прычым, я звяртаўся да лекараў, сляды збіцця былі зафіксаваныя на рэбрах і нагах. Але вось такі адказ мне даслалі», - кажа Яраслаў. Ён плануе абскардзіць адмову.
Акрамя таго, абвінавачаныя і падазраваныя паводле «справы графіцістаў» накіравалі скаргу кіраўніку Следчага камітэта і ў Генпракуратуру на публікацыю, размешчаную на сайце Следчага камітэта пад назвай «Следчым камітэтам прадаўжаецца расследаванне крымінальнай справы аб хуліганскіх дзеяннях і пашкоджанні маёмасці ў сталіцы».
Максім Пякарскі, Вадзім Жэромскі, Вячаслаў Касінераў і Яраслаў Ульяненкаў расцэньваюць паведамленне на сайце Следчага камітэта як наўпроставае парушэнне іх прэзумпцыі невінаватасці і права на абарону, а таксама як абразу іх гонару і годнасці.
Нагадаем, 11 жніўня пяцёра хлопцаў былі жорстка затрыманыя і збітыя за беларускамоўныя графіці і псаванне фарбай сацыяльнага білборда з выявай супрацоўнікаў міліцыі. 20 жніўня Следчы камітэт выставіў абвінавачванні Максіму Пякарскаму і Вадзіму Жэромскаму паводле артыкула «Хуліганства, учыненае групай асобаў». 31 жніўня затрыманых вызвалілі пад падпіску аб нявыездзе і падпіску аб невыдаванні інфармацыі паводле справы.