BE RU EN

На плошчы Якуба Коласа ў Менску хочуць будаваць гатэль

  • 2.09.2015, 17:28

Пяцізоркавы гатэль плануюць пабудаваць на плошчы Якуба Коласа ў Менску. Нядаўна праект вынеслі на грамадскае абмеркаванне.

Як паведамляе БелТА, адпаведная інфармацыя размешчана на сайце адміністрацыі Савецкага раёна сталіцы.

У сучасны гасцінічны комплекс плануецца пераабсталяваць будынак паліграфкамбіната імя Якуба Коласа, які размяшчаецца па адрасе вуліца Чырвоная, 23/1.

Работы па будаўніцтву гатэля катэгорыі "пяць зорак плюс" мяркуюць знос часткі будынкаў на тэрыторыі прадпрыемства, будаўніцтва новых прыбудоў, выкананне рэканструкцыі і рэстаўрацыі будынка для размяшчэння на яго плошчах гасцінічных нумароў. Усяго ў складзе гатэля прадугледжаныя 250 нумароў: 207 двухмесных, 8 чатырохмесных, 35 двухмесных двухузроўневых нумароў.

Таксама, згодна з праектам, тут будзе абсталяваны шматузроўневы надземны паркінг агульнай умяшчальнасцю 300 машынамесцаў. Праектам добраўпарадкавання тэрыторыі прадугледжваецца максімальнае захаванне зялёных насаджэнняў з клумбай, пасадкай дрэў і хмызняку. У гатэлі таксама плануецца ўсталяваць лавы, урны і кветачніцы.

Гістарычнае аблічча будынка па вуліцы Чырвонай 23/1, якое з'яўляецца гісторыка-культурнай каштоўнасцю, абяцаюць захаваць. Забудоўшчыкам выступае кампанія "Мінск Прынцэс Гатэль".

Апошнія навіны