BE RU EN

Гарадзенскі суд уважае, што рабочым можна мыцца толькі пасля 17.00

  • 2.09.2015, 11:52

Гарадзенскі абласны суд адмовіў слесару Слонімскай камвольна-прадзільнай фабрыкі ў задавальненні скаргі.

У чэрвені працоўныя Міхаіл Сашко і Барыс Лабко падалі пазоў супраць наймальніка, Слонімскай камвольна-прадзільнай фабрыкі. У адзін працоўны дзень яны выконвалі фарбавальныя працы і пасля іх завяршэння адправіліся ў душ памыцца. Нечакана наляцела камісія, якая палічыла, што работнікі самавольна пакінулі працоўнае месца і знаходзіліся ў гардэробе з 16.20 да 17.00. Ім была вынесеная вымова. У позве рабочыя запатрабавалі скасаваць пакаранне, але суддзя Слонімскага суда Тамара Халінец разважыла інакш.

Сябра прафзвяза РЭП Міхаіл Сашко наважыў адстойваць свае правы да канца і абскардзіў пастанову ў Гарадзенскім абласным судзе, пасяджэнне якога адбылося 31 жніўня.

- На паседжанні мне дапамагаў прававы інспектар прафсаюза РЭП Аляксандр Вайцешык. Нас так-сяк выслухалі, часта перабівалі, нашых довадаў не прынялі. Юрыст з фабрыкі ў сваім выступе зрабіў упор на тое, што мы парушылі правілы ўнутранага распарадку, бо не адпрасіліся ў душ у кіраўніцтва. Гэта значыць, на думку начальства, мы павінны былі мыцца пасля 17.00, хоць у правілах аховы працы напісана, што працоўныя могуць памыцца і прыняць душ пасля заканчэння працы. Прасцей кажучы, на судзе адбылася падмена паняццяў, - распавёў praca-by.info Міхаіл Сашко.

- Суд прайшоў вельмі хутка. Зайшлі ў кабінет для вынясення пастановы і выйшлі. Пагадзіцца з ім я, вядома, не магу. Мяркую, што пастанова на карысць наймальніка аднабаковая і неаргументаваная. Абавязкова буду абскарджваць яе ў Вярхоўным судзе, - адзначыў ён.

Апошнія навіны