BE RU EN

Лідскі «вертыкальшчык» браў хабар ежай ды алкаголем

  • 1.09.2015, 21:27

Чыноўнік лідскага райвыканкама браў хабар ежай ды алкаголем за спрыяльнае развязанне пытанняў, якія ўваходзяць у яго кампетэнцыю.

11 жніўня 2015 года Управай Следчага камітэта Гарадзенскай вобласці Беларусі распачатая крымінальная справа паводле артыкулу 430 Крымінальнага кодэкса (атрыманне хабару) у дачыненні да начальніка аднаго з аддзелаў Лідскага раённага выканаўчага камітэта, піша «Лідская газета».

Чыноўнік, карыстаючыся сваім службовым становішчам, атрымліваў ад кіраўнікоў гандлёвых арганізацый размешчаных на тэрыторыі Лідскага раёна розныя матэрыяльныя каштоўнасці, у тым ліку прадукты харчавання ды спіртныя напоі, за спрыяльнае развязанне пытанняў, што ўваходзяць у ягоную кампетэнцыю.

Цяпер намеснікам пракурора Гарадзенскай вобласці кіраўнік адхілены ад займанай пасады, а супрацоўнікамі АБЭЗ лідскага РАУС працягваюцца мерапрыемствы накіраваныя на высвятленне ўсіх эпізодаў ягонай злачыннай дзейнасці.

Гэта не першы выпадак злоўжыванняў у лідскім райвыканкаме. Раней паведамлялася аб затрыманні жанчыны, якая налічвала на падначаленых работнікаў прэміяльныя выплаты і ўстанаўлівала надбаўкі за высокія паказчыкі ў працы. Частка гэтых грошай паводле дамоўленасці людзі далей перадавалі службовай асобе. Такім чынам падазраваная з ліпеня 2011 года да снежня 2014 года "зарабіла" амаль 45 млн. беларускіх рублёў.

Апошнія навіны