BE RU EN

Рахмон заклікаў жыхароў Таджыкістана назапасіцца прадуктамі на два гады

  • 1.09.2015, 19:22

Таджыкістан зазнае чарговы эканамічны крызіс, краіну зноў чакае халодная зіма.

Пра гэта заявіў у аўторак таджыцкі кіраўнік Эмамалі Рахмон, паведамляе "Інтэрфакс".

"Апошнія гады, асабліва сёлета, складаная геапалітычная сітуацыя ў свеце, зніжэнне росту эканамічнага развіцця і курсу нацыянальных валют асноўных гандлёвых партнёраў нашай краіны, змена кошту асноўных тыпаў экспартна-імпартнай прадукцыі на сусветных рынках працягваюць уплыў на сацыяльна-эканамічнае развіццё Таджыкістана", - сказаў Рахмон, выступаючы перад студэнтамі Кулябскага дзяржаўнага ўніверсітэта з нагоды Дня Ведаў.

Курс таджыцкага самоні ў дачыненні да даляра ЗША моцна знізіўся следам за валютамі галоўных гандлёвых партнёраў Таджыкістана - Расеі і Казахстана.

"Гэтая тэндэнцыя негатыўны ўплывае на фінансавую і банкавую дзейнасць, курс нацыянальнай валюты, аб'ёмы замежнага гандлю і грашовыя прыбыткі насельніцтва", - сказаў таджыцкі кіраўнік.

"Вось ужо некалькі гадоў мы заклікаем народ запасацца прадуктамі на два гады наперад. Гэта вельмі важна. Асабліва сёлета, калі ў краіне багацце сельгаспрадукцыі, гэтым павінна скарыстацца кожная радзіна", - падкрэсліў Эмамалі Рахмон.

Паводле звестак таджыцкага лідара, "існуе імавернасць прыходу занадта халоднага восеньска-зімовага перыяду". "Згодна з назіраннямі і народным досведам, пасля занадта гарачага лета зазвычай прыходзіць працяглая сцюдзёная зіма", - сказаў Рахмон.

Апошнія навіны