BE RU EN

Дата пахавання Алеся Чаркашына пакуль невядомая

  • 1.09.2015, 17:24

Цела загінулага на Данбасе беларуса пакуль знаходзіцца на тэрыторыі Украіны, у адной з лякарняў Днепрапятроўска.

Пра гэта «Радыё Рацыя» паведамілі ў пасольстве Беларусі ў Кіеве. У той жа час дыпмісія ў поўным аб'ёме выканала ўсе свае абавязкі ў гэтай справе, адзначылі там, і зняпраўдзілі інфармацыю шэрагу СМІ пра затрымкі консульскіх працэдур.

- Затрымак ніякіх няма, скажу адназначна, магчыма быў нейкі «сапсаваны тэлефон». Амбасада бярэ самы актыўны ўдзел у гэтым працэсе, каб аказаць усю неабходную дапамогу сваякам памерлага нашага беларуса для транспарціроўкі. Пакуль сваякі па дапамогу ў амбасаду не звярталіся, хачу вам сказаць. Мы стала кантактуем з лякарняй, думаю, што цягам найбліжэйшага часу мы ўжо ўсё даведаемся, - сказалі ў амбасадзе.

Алесь Чаркашын - беларус з Добраахвотнага ўкраінскага корпуса «Правы сектар». Ён памёр у мінулую пятніцу ад раненняў, атрыманых у баі пад Старагнатаўкай на ўсходзе Украіны. Хлопец меў пазыўны «Тарас», яму было ўсяго 33 гады. Вядома, што ва Украіне ён ваяваў з пачатку зімы. Бацькі Алеся жывуць у Берасці, яны хочуць пахаваць сына на радзіме. Дата пахавання пакуль невядомая.

Апошнія навіны