BE RU EN

Рублёвыя крэдыты стануць яшчэ даражэйшыя?

  • 1.09.2015, 10:45

Дэвальвацыя беларускага рубля прымусіць Нацбанк павялічыць стаўкі крэдытаў.

Гэта будзе зроблена, каб спыніць спекулятыўны попыт на рэсурсы з боку насельніцтва і прадпрыемстваў.

«Працэнтныя стаўкі ў новых крэдытах могуць быць павялічаныя да 40-45% да моманту новай стабілізацыі сітуацыі на валютным рынку і скарачэння попыту на рублёвыя рэсурсы», - мяркуюць экспэрты «Беларусь у фокусе».

Па іх жа прагнозах, працэнтныя стаўкі дэпазітаў для прыцягнення рэсурснай базы могуць перавысіць узровень 30%.

Нацбанк вымушаны карэктаваць тактыку паступальнага зніжэння працэнтных ставак у банкаўскай сістэме. Прычына - рэзкае зніжэнне рублёвай ліквіднасці пасля значнага паслаблення курсу нацыянальнай валюты да даляра ЗША і еўра, піша «Заўтра тваёй краіны».

Пазычальнікі разлічваюць на істотнае абясцэньванне выплат у абслугоўванні і вяртанні рублёвых крэдытаў.

Насельніцтва павялічыла попыт на спажывецкія крэдыты для набыцця тавараў, спадзеючыся на захаванне жорсткага кантролю над коштамі з боку Мінгандлю.

Юрыдычныя асобы сталі актыўна прыцягваць крэдыты, каб затым канвертаваць іх у замежную валюту. Пра гэта сведчыць рэзкае павелічэнне аб'ёму таргоў на валютным рынку.

Закрыццё ўкладчыкамі рублёвых дэпазітаў прывяло да лакальных праблемаў з наяўнасцю валюты ў абменных пунктах і пагаршэння ліквіднасці банкаў. Некаторыя з іх былі вымушаныя ўвесці абмежаванні ў выдачы крэдытаў. «Прытоку рублёвых дэпазітаў з боку насельніцтва ў гэтай сітуацыі чакаць не трэба, што азначае адсутнасць магчымасці для банкаў працягнуць практыку выдачы недарагіх крэдытаў», - адзначаецца ў аглядзе «Беларусь у фокусе».

З 1 верасня меркавалася распаўсюдзіць дзеянне абмежаванняў у працэнтных стаўках на крэдытныя дамовы, заключаныя да 1 чэрвеня 2015 года.

Аднак ва ўмовах рэзкага попыту на рублёвыя рэсурсы Нацбанк адмовіцца ад прымянення санкцый у дачыненні да банкаў, якія не перагледзелі працэнтную палітыку. Абмежаванні па крэдытных стаўках могуць быць альбо скасаваныя, альбо прыпыненыя, прагназуюць экспэрты.

Апошнія навіны