BE RU EN

«Газету Слонімскую» вінавацяць у абразе Лукашэнкі

  • 5.08.2015, 19:41

На незалежнае выданне заведзеная адміністрацыйная справа. Газеце пагражае штраф 90 мільёнаў (500 базавых адзінак).

На "Газету Слонімскую" распачатая адміністрацыйная справа за абразу Аляксандра Лукашэнкі. Недзяржаўнае выданне абвінавачваюць у "распаўсюджванні свядома хлуслівых звестак, якія ганьбяць гонар і годнасць прэзідэнта Рэспублікі Беларусь", перадае "Еўрарадыё".

5 жніўня галоўнага рэдактара газеты Віктара Валадашчука выклікалі ў Слонімскі РАУС. Яму паведамілі, што падставай для справы стаў артыкул "Голас з вёскі. Галоўнае, што гаварыць прэзідэнт добра ўмее". Гэта было апытанне жыхароў адной з вёсак Слонімшчыны з нагоды "выбараў". Што менавіта не спадабалася ў артыкуле, Валадашчуку не паведамілі. Ён у сваю чаргу заявіў, што пакуль не гатовы даваць тлумачэнні з нагоды справы.

Валадашчук кажа, што, нягледзячы на невыгоды, газета рыхтуе наступны нумар: "Ну што мы будзем рабіць - будзем працаваць, выдаваць наступны нумар. Вось была нарада, і мы наважылі працягваць. Будзе яшчэ сустрэча, праваахоўныя органы будуць займацца нашай справай. Да якой высновы яны прыйдуць, мне невядома. Мусібыць, вядома, справа будзе перададзеная ў суд, а суд ужо вызначыць, што з намі рабіць - парушылі мы ці не парушылі артыкул адміністрацыйнага кодэксу".

Калі рэдакцыю прызнаюць вінаватай, ёй можа пагражаць штраф да 90 мільёнаў рублёў (500 базавых адзінак).

Апошнія навіны