BE RU EN

Вярхоўны суд адмовіўся разглядаць зварот пра пераслед фрылансераў

  • 5.08.2015, 14:48

Вярхоўны суд Беларусі адказаў на зварот грамадскага аб'яднання «Беларуская асацыяцыя журналістаў» з нагоды пераследу фрылансераў.

Дакумент быў адпраўлены ў Вярхоўны суд, Генпракуратуру, МУС і КДБ 9 ліпеня. У ім уздымалася праблема масавага адміністрацыйнага пераследу журналістаў-фрылансераў, якіх улады абвінавачваюць у парушэнні парадку вырабу і распаўсюджвання прадукцыі СМІ (арт.22.9 КаАП), а менавіта: у тым, што падрыхтаваныя імі матэрыялы з'яўляюцца ў замежных СМІ, піша БелаПАН.

БАЖ расцэньвае такі пераслед журналістаў як неабгрунтаваны і парушаючы заканадаўства. У сваім звароце журналісцкае аб'яднанне настойвала на публічным абмеркаванні гэтай праблемы з удзелам прадстаўнікоў дзяржорганаў, БАЖ і ўсіх зацікаўленых асобаў.

У афіцыйным адказе за подпісам намесніка старшыні ВС Руслана Аніскевіча гаворыцца, што ўзнятыя ў звароце пытанні «не могуць быць развязаныя» ў адпаведнасці з законам аб зваротах грамадзян. «Паднятыя ў вашым звароце пытанні належаць да сферы ўжывання заканадаўства, што вызначае парадак адміністрацыйнага працэсу, і не могуць быць развязаныя ў адпаведнасці з Законам Рэспублікі Беларусь «Аб зваротах грамадзян», - заявіў ён.

Намеснік старшыні ВС таксама адзначае, што журналісты, пакараныя штрафамі за незаконны выраб і распаўсюд прадукцыі СМІ, могуць абскардзіць пастановы судоў.

Раней такія адказы БАЖ атрымала ад МУС і Генпракуратуры.

Між тым гэтую праблему паабяцаў разгледзець сам дыктатар. У час інтэрв'ю, якое Аляксандр Лукашэнка даў 4 жніўня «Еўрарадыё», «Радыё Свабода» і парталу tut.by, яго праінфармавалі, што толькі ў 2015 годзе адбылося 26 судоў над журналістамі-фрылансерамі; агульная ж сума штрафаў, выпісаных ім за журналісцкую дзейнасць без акрэдытацыі, склала прыкладна 137 млн рублёў.

Лукашэнка заявіў, што паступаць такім чынам у дачыненні да журналістаў - «гэта глупства», бо «ўсё роўна напішуць неяк дзесьці пра праблемы». «Забараняць - гэта не мой прынцып. Я вывучу гэтую праблему. Што тычыцца гэтых штрафаў - таксама вывучым, людзі ж не багатыя, я разумею. Я вам абяцаю, што я разгледжу гэтае пытанне, бо, мабыць, вы маеце рацыю тут», - падкрэсліў беларускі дыктатар.

Апошнія навіны