Фрэску з адбіткамі пальцаў Бэнксі прададуць на аўкцыёне
- 3.08.2015, 20:02
Дзве фрэскі, створаныя вулічным мастаком Бэнксі ў Дэтройце і Бэтлееме, будуць выстаўленыя на аўкцыён Julien's у Лос-Анджэлесе 30 верасня.
Як паведамляе Lenta.ru са спасылкай на The Independent, працы могуць сысці з малатка за мільён даляраў.
Графіці I Remember When All This Was Trees было намаляванае на адным з будынкаў у Дэтройце ў 2010 годзе. На малюнку намаляванае дзіця, якое трымае вядро з чырвонай фарбай. Ён стаіць каля абшарпанай сцены, дзе і напісаная назва карціны. Незвычайным элементам малюнка сталі адбіткі пальцаў Бэнксі, асоба якога не ўстаноўленая. Фрэска ацэньваецца 200-400 тысяч даляраў.
Як адзначаецца на сайце аўкцыённага дома, другая праца 2007 пад назвай Donkey Documents была выяўленая на мяжы Ізраіля і Заходняга берага ракі Ярдан, на ёй намаляваны ўзброены жаўнер, які правярае дакументы ў асла. Са слоў прадстаўнікоў аўкцыённага дома, графіці памерам 2 на 3 метры - «самы вялікі і значны твор Бэнксі, створаны ім падчас візіту ў Ізраіль».
Перад тым як фрэску, якая ацэньваецца 400-600 тысяч даляраў, выставяць на таргі, яе можна будзе ўбачыць на выставе ў Лондане. Месца і час паказу пакуль не ўдакладняецца.
Графіці Бэнксі сталі з'яўляцца на вуліцах з пачатку 1990-х гадоў. Цяпер працы мастака ацэньваюцца ў мільёны даляраў і значна павялічваюць кошт нерухомасці, дзе яны размешчаныя, таму іх псаванне кваліфікуецца як вандалізм. «Фірмовым стылем» Бэнксі ўважаецца выкарыстанне трафарэтаў. Пра жыццё ананімнага мастака зняты фільм «Выхад праз сувенірную краму».