BE RU EN

Палітвязень Васьковіч спадзяецца на перагляд пакарання

  • 19.08.2015, 10:44

Пастанова будзе прынятая 17 верасня.

Пра гэта паведаміла маці палітвязня Рушанія Васьковіч.

- У сына усё добра. Стан нядрэнны. Канфліктаў з начальствам калоніі няма. І знешне, і ўнутры адчувае сябе добра, сам сказаў, - паведаміла маці палітвязня Рушанія Васьковіч. - Спадзяецца ў верасні на перагляд пакарання. 17 верасня будзе прымацца гэтая пастанова. Калі ўсё будзе добра, выйдзе раней. Калі не, то ў снежні будзе яшчэ адно кароткае спатканне. Так што нармальна ўсё, трымаемся, - сказала яна карэспандэнту «Магілёўскай вясны».

Сам Яўген перадаў на волю ліст, у якім ён распавёў, чым жыў апошнім часам:

«Працую на швейнай вытворчасці. Шыю адзенне, пасцельную бялізну і іншыя рэчы ўнутранага карыстання для калоніі і заказы з волі. Умовы ўтрымання нармальныя, харчаванне хоць і «нішчымнае» і аднастайнае, але здавальняючае. Здароўе не турбуе. Нават не выкарыстаў усю медбандэроль, якую атрымаў яшчэ ў снежні. Вітамінаў, вядома, не стае, але дзякуючы перадачам і доўгім спатканням іх запас трохі папаўняецца.

Лісты і астатнюю карэспандэнцыю атрымліваю рэгулярна. Заўсёды ў курсе падзей, якія адбываюцца. Шмат планаў і ідэй з'явілася для далейшай дзейнасці, многае зразумеў і ўсвядоміў. Стаў больш дыпламатычны, чым быў раней. З'явіліся мэтанакіраванасць і ўпэўненасць у сваіх дзеяннях.

На бліжэйшых «выбарах» цалкам падтрымліваю пазіцыі сваіх паплечнікаў у Беларускай хрысціянскай дэмакратыі. Вельмі цаню мудрасць кіраўнікоў арганізацыі ў абраным імі кірунку. Уважаю гэта гістарычнай пастановай, якая захавае непахісны імідж арганізацыі і не дазволіць рэжыму атрымаць новых ахвяр у выглядзе палітычных зняволеных. А сусветная грамадскасць сама ўбачыць і зробіць свае высновы.

Хачу падзякаваць усім людзям, якія памятаюць пра мяне, падтрымліваюць і пішуць. Дзякуй вам за гэта! Асаблівую падзяку выказваю ўсім маім родным, што ў цяжкую хвіліну не асудзілі мяне, а падтрымалі і далі мудрае жыццёвае навучанне. Асабліва мама - самы дарагі і любімы для мяне чалавек. Менавіта яна ўклала ў мяне ўсе чалавечыя каштоўнасці і прывучыла любіць свабоду. Дзякуй маме за яе прыгажосць, дабрыню і любоў!».

Нагадаем, Яўген Васьковіч быў асуджаны разам з Арцёмам Пракапенка і Паўлам Сырамолатавым. Яго прысудзілі да 7 гадоў зняволення паводле абвінавачання ў спробе падпалу дзвярэй бабруйскага аддзялення КДБ. Палітвязня часта кідалі ў карцэр. Пазней з калоніі ён быў пераведзены ў Магілёўскую турму як «злосны парушальнік рэжыму».

Апошнія навіны