BE RU EN

Расейскі танк «Армата» загарэўся падчас транспартавання ў Ніжні Тагіл

  • 7.07.2015, 9:27

20-гадовы вайсковец паспрабаваў паправіць сарваны ветрам тэнт, зачапіў электрапровады і зладзіў пажар.

БМП Т-15, створаная на базе найноўшай платформы «Армата», загарэлася на адной з чыгуначных станцый па шляху руху складу з сакрэтнай ваеннай тэхнікай з Маскоўскай вобласці ў Ніжні Тагіл. Падчас стаянкі парывам ветру з баявой машыны пяхоты сарвала тэнт. Вайсковец Ільнур З., спрабуючы атуліць бронемашыну, зачапіў тэнтам электрапровады і атрымаў удар токам, паведамляе прапагандысцкі крамлёўскі канал LifeNews.

У гэты момант на тэнт, што пакрываў «Армату», пасыпаліся іскры, успыхнула полымя, і агонь перакінуўся на ашалёўку БМП. У выніку нязначна абгарэла паверхня некалькіх панэляў баявой машыны пяхоты. Пажар змог хутка патушыць афіцэр, які суправаджаў склад. Ён жа адцягнуў шарагоўца Ільнура З., які пасля ўдару токам знаходзіўся без прытомнасці.

Пацярпелы жаўнер атрымаў апёк 70 адсоткаў цела і электраапёкі 1-й, 2-й і 3-й ступеняў і знаходзіцца ў рэанімацыі.

«У БМП зверху абгарэла фарба, - распавёў камандзір суправаджэння Руслан Б. - Я заўважыў, што з танка здзьмула брызент. А машына ўсё ж такі сакрэтная. Я думаю, на машыну зацягваць небяспечна, пакладу на драўляную платформу, прывяжу, а там хай разбіраюцца самі. Я пачаў гэта рабіць, а жаўнер пачаў мне дапамагаць з другога боку зацягваць яго. Я загадаў нікому не падыходзіць і нікуды не залазіць, але ён мяне не паслухаў, заскочыў на вагон, а затым ужо на машыну. І тут раптам так бухнула, і ўсё: усюды дым, іскры, ён упаў».

Са слоў Руслана Б., ён спачатку адцягнуў жаўнера, а затым узяў ваду і палез на БМП. Дасягнуўшы месца ўзгарання, афіцэр заліў вадой полымя. Адзначым, што Руслану пасля інцыдэнту таксама спатрэбілася дапамога спецыяліста - псіхолага. Па вяртанні ў размяшчэнне часткі вайсковец мае намер наведаць вайсковы шпіталь.

«Я доўга не мог прыйсці да сябе, нічога не разумеў, - распавёў Руслан. - Толькі сёння пагаварыў з псіхолагам, таму што была рызыка для жыцця. Трэба будзе яшчэ звярнуцца ў шпіталь - трошкі нервы пахіснуліся. Я ведаў, што мяне можа забіць на машыне, калі палез на яе, але я не мог кінуць БМП. Дзякуй богу, выжыў».

БМП Т-15 створаная на аснове цяжкай гусенічнай платформы «Армата». Упершыню яе паказалі ў траўні 2015 на Парадзе Перамогі ў Маскве. Тэхніка павінна паступіць на ўзбраенне расейскага войска ўжо ў 2016 годзе. БМП «Армата» абсталяваная дыстанцыйна-кіраваным універсальным баявым модулем «Эпоха» з 30-міліметровай аўтаматычнай гарматай 2А42 з селектыўным боеладункам і боезапасам у 500 набояў. На БМП усталёўваюцца 7,62-міліметровы кулямёт ПКТМ і дзве здвоеныя пускавыя ўстаноўкі ПТРК «Карнет».

Раней на Краснай плошчы на генеральнай рэпетыцыі параду «заглух» танк новага пакалення «Армата». Заглухлы на Краснай плошчы падчас генеральнай рэпетыцыі парада танк «Армата» не змаглі адбуксіраваць.

Апошнія навіны