Беларусь забараніла ўвоз свініны з Украіны і РФ праз АЧС
- 6.07.2015, 20:48
Беларусь увяла забарону на пастаўкі свініны з Ровенскай вобласці Украіны і Саратаўскай вобласці Расеі праз афрыканскую чуму свіней (АЧС).
Пра гэта паведамляе "Інтэрфакс".
"Дэпартамент ветэрынарнага і харчовага нагляду Мінсельгасхарча паведамляе, што паводле інфармацыі Міжнароднага эпізаатычнага бюро на тэрыторыі Ровенскай вобласці Украіны і тэрыторыі Саратаўскай вобласці РФ зарэгістраваныя выпадкі захворвання адчувальных відаў жывёл афрыканскай чумой свіней", - гаворыцца ў паведамленні дэпартамента.
У дэпартаменце адзначылі, з 7 ліпеня ўводзяцца часовыя абмежаванні на ўвоз на тэрыторыю Беларусі з Ровенскай вобласці Украіны і Саратаўскай вобласці Расеі жывых свіней, свініны, у тым ліку мяса дзікоў, прадуктаў перапрацоўкі, гарбарнай, рогакапытнай і кішкавай сыравіны, шчаціння, паляўнічых трафеяў, атрыманых ад успрымальных відаў жывёл, кармоў, былога ва ўжыванні абсталявання для ўтрымання, забою і разбору свіней.
У дэпартаменце паказалі на патрэбу прыняцця "дадатковых захадаў кантролю для забеспячэння біялагічнай абароны буйных свінагадоўчых комплексаў, а таксама свінагадоўчых ферм і гаспадарак усіх форм уласнасці".
У 2014 годзе Беларусь увяла аналагічную забарону на ўвоз свіней з Сумскай, Луганскай і Чарнігаўскай абласцей. У 2015 годзе такая забарона была уведзеная на ўвоз свіней з Кіеўскай вобласці.
Забарона на ўвоз свіной прадукцыі з Расею ў рэспубліку ўводзілася неаднаразова і датычылася многіх абласцей РФ.
Афрыканская чума свіней - высокакантагіёзнае захворванне, якое праходзіць у вострай форме, і характарызуецца хуткім цячэннем і вялікай смяротнасцю жывёл (98-100%). Сродкаў лячэння і спецыфічнай прафілактыкі гэтая хвароба не мае.
Для чалавека афрыканская чума свіней небяспекі не мае.
Эканамічная шкода, што чыніць АЧС, складаецца з наўпроставых страт ад радыкальнай ліквідацыі хваробы і ўжывальных абмежаванняў у міжнародным гандлі.