BE RU EN

Кіраўнік СБУ: Расея стварае «гарачыя кропкі» ў пяці рэгіёнах Украіны

  • 6.07.2015, 9:08

Новымі «гарачымі кропкамі» могуць стаць Адэса, Запарожжа, Херсон, Мікалаеў і Харкаў.

Пра гэта «5 каналу» заявіў новы кіраўнік Службы бяспекі Украіны Васіль Грыцак, піша «Укринформ».

«Мы лакалізавалі тэрарыстаў на тэрыторыі зоны АТО, але ў той жа час, сепаратызм, кіраваны Масквой, распаўсюджваецца на іншыя рэгіёны Украіны. Магу сказаць, што гарачымі кропкамі ў першую чаргу можна назваць Адэскі рэгіён, Харкаў, Запарожжа, Херсонскую і Мікалаеўскую вобласці», - растлумачыў ён.

Грыцак адзначыў, што СБУ вядзе прэвентыўныя захады ў гэтых рэгіёнах. «Прайшлі больш за 15 ператрусаў адначасова ў Адэскай і Мікалаеўскай абласцях, у выніку якіх былі канфіскаваныя выбуховыя прылады. Мы фіксуем прамыя і непрамыя кантакты непасрэдных выканаўцаў як з арганізатарамі гэтых мерапрыемстваў на гэтых тэрыторыях, так і з іх расейскімі гаспадарамі», - заявіў ён.

Раней супрацоўнікі СБУ раскрылі і нейтралізавалі тэрарыстычную групу, у склад якой уваходзілі жыхары Адэсы і Мікалаева. Выбухі планаваліся, між іншым, на чыгуначных шляхах, паблізу валанцёрскіх цэнтраў, мастоў і ў вайсковых частках.

Апошнія навіны