BE RU EN

Фідэль Кастра ўпершыню за апошнія месяцы з'явіўся на публіцы

  • 5.07.2015, 17:03

Лідар кубінскай рэвалюцыі Фідэль Кастра з'явіўся на публіцы ўпершыню за апошнія тры месяцы.

Як паведамляе ТАСС, у разгар працэсу пацяплення стасункаў паміж востравам і ЗША 88-гадовы палітык узяў удзел у спецыялізаванай сустрэчы, прысвечанай пытанням вытворчасці сыроў на Кубе.

«Сустрэча працягвалася больш за чатыры гадзіны ў прысутнасці 19 майстроў сырагатавання», - паведаміла газета Granma, друкаваны орган ЦК Кампартыі Кубы. З яе звестак, сустрэча прайшла ў пятніцу ў Інстытуце даследаванняў харчовай індустрыі ў пасёлку Гуатао ў прыгарадзе Гаваны.

Кастра адышоў ад улады ў 2006 годзе з прычыны сур'ёзнага захворвання і перадаў кіраванне краінай брату Раулю - цяперашняму 84-гадоваму старшыню Дзяржаўнага савета і Савета міністраў Кубы. З тых часоў, як 17 снежня мінулага года кіраўнікі ЗША і Кубы абвясцілі аб пачатку нармалізацыі стасункаў, перапыненых ў 1961 годзе, востраў перажывае працэс імклівых пераменаў.

Як чакаецца, сёлета 20 ліпеня Куба адкрые сваё дыпламатычнае прадстаўніцтва ў Вашынгтоне, а ЗША - у Гаване.

У той час, як пацяпленне ў стасунках паміж Кубай і ЗША набірае абароты, Фідэль Кастра час ад часу прымае палітычных дзеячаў з розных краін. Апошняй такой сустрэчай 21 чэрвеня сталі перамовы са старшынём Нацыянальнай асамблеі Венесуэлы Дзьёсдада Кабельё. У траўні лідар кубінскай рэвалюцыі сустрэўся з прэзідэнтам Францыі Франсуа Аландам.

Паводле паведамлення Granma, на нарадзе ў пытаннях вытворчасці сыру Кастра быў актыўны і закрануў праблемы, якія «адбіваюцца на ўзроўні харчавання сусветнага насельніцтва, такія, як кліматычныя змены і частыя войны». Ён таксама падкрэсліў патрэбу аднаўлення на Кубе «вытворчых узроўняў і якасці, дасягнутых у сырагатаванні ў часы, якія папярэднічалі «асабліваму перыяду» (комплекс захадаў, які ўключае, у тым ліку, гаспадарчы рэжым жорсткай эканоміі, уведзены пасля распаду СССР)».

Апошнія навіны