BE RU EN

Магілёўская швейная фабрыка на 3 ліпеня вывесіла расейскі сцяг

  • 4.07.2015, 20:39

У Магілёве на будынку акцыянернага таварыства «Вяснянка» на афіцыйны Дзень незалежнасці Беларусі вывесілі два сцягі. Адзін з іх расейскі.

У горадзе тым часам не заўважана, каб на афіцыйных будынках вывешваліся расейскія трыкалоры, паведамляе «Радыё Свабода».

Швейная фабрыка «Вяснянка» ў спісе стратных прадпрыемстваў. Склады перапоўненыя прадукцыяй. Каб іх разгрузіць, улады наважылі прадаць вырабы фабрыкі іншым прадпрыемствам горада са значнай зніжкай. Таксама разглядаецца пытанне аб далучэнні «Вяснянкі» да іншага паспяховага прадпрыемства - «Магатэкс».

Нагадаем, гэта далёка не першы выпадак папулярызацыі «рускага міру» ў Беларусі.

Сёлета майкі з узброеным Пуціным былі заўважаныя ў гандлёвым цэнтры «Замак» у Менску, які належыць тытунёваму мільянеру Паўлу Тапузідзісу, лукашэнкаўскаму алігарху з грэцка-грузінскімі каранямі, саўладальніку кампаніі «Тытунь-Інвест», а таксама на вакзале ў Полацку.

Выпадкі раздачы сцягоў Расеі зафіксаваныя як у Менску, так і ў іншых абласных цэнтрах і буйных гарадах. Пра гэта паведамлялі жыхары Бабруйска, Горадні, Віцебска, Гомеля, Оршы, Полацка, Баранавічаў. Раздачу сцягоў арганізуюць прарасейскія арганізацыі, якія дзейнічаюць у Беларусі.

17 ліпеня і 18 ліпеня аналагічныя прадаўцы расейскіх сцяжкоў былі заўважаныя ў Наваполацку, а ў пачатку тыдня аршанская міліцыя ўпершыню спыніла падобны «бізнэс».

Практычна ва ўсіх выпадках беларускія ўлады ігнаруюць факт раздачы сімволікі суседняй дзяржавы на вуліцах беларускіх гарадоў.

Апошнія навіны