BE RU EN

Міхал Жызнеўскі пасмяротна атрымаў царкоўную ўзнагароду

  • 4.07.2015, 16:35

Бацькі Міхала Жызнеўскага, які загінуў падчас Рэвалюцыі годнасці ў Кіеве, атрымалі медаль «За ахвярнасць і любоў да Украіны».

Цырымонія прайшла ў Міхайлаўскім саборы ў Кіеве, паведамляе «Радыё Свабода».

«Калі б не падтрымка Украіны, нам наогул вельмі цяжка было б у Беларусі», - сказала маці Міхася Ніна Жызнеўская.

Медаль «За ахвярнасць і любоў да Украіны» заснаваў Кіеўскі патрыярхат Украінскай праваслаўнай царквы на блаславенне патрыярха Філарэта ў студзені для ўзнагароджання тых, хто прадэманстраваў чынную грамадзянскую пазіцыю, гераізм і самаахвяраванне падчас Рэвалюцыі годнасці, падзей на Данбасе і ў Крыме, а таксама за валанцёрскую дзейнасць і дапамогу ўзброеным сілам ды валанцёрскім батальёнам. Гэтую царкоўную ўзнагароду сёлета атрымалі сотні ўкраінскіх патрыётаў.

«Перад кожным чалавекам паўстае пытанне - героі Нябеснай сотні існуюць толькі ў нашай памяці або яны працягваюць сваё існаванне ў іншым жыцці? Мы перакананыя, што не толькі ў нашай памяці, але і ў іншым жыцці. Так сказаў Бог, і калі так сказаў Бог, то гэта і ёсць праўда. Яны аддалі сваё жыццё любові да сваёй радзімы, любові да свабоды і да сваёй сям'і. Яны аддалі сваё жыццё, бо былі перакананыя, што іхнія сем'і павінны жыць у свабодзе», - з такімі словамі звярнуўся да сваякоў герояў Нябеснай сотні патрыярх Філарэт.

Міхал Жызнеўскі браў удзел у ахове Еўрамайдана і загінуў у часе штурму на вуліцы Грушэўскага. У лістападзе 2014 года прэзідэнт Украіны Пятро Парашэнка ўзнагародзіў Міхася Жызнеўскага ордэнам Герояў Нябеснай сотні. І паабяцаў: яму, як і іншым замежнікам, якія загінулі падчас Рэвалюцыі годнасці, будзе нададзеная годнасць Героя Украіны.

Украінская грамадская арганізацыя «Сям'я Нябеснай сотні» кожны раз нагадвае Пятру Парашэнку пра гэта абяцанне.

«Мы не можам не выказаць свайго абурэння тым, што тром чалавекам у нашай «Сям'і Нябеснай сотні» не далі годнасць герояў. Я яшчэ раз прашу Пятра Парашэнку, нашага прэзідэнта ад дэмакратычных сіл, настойліва просім усе, каб прыспешылі наданне нашым героям гэтай высокай ганаровай годнасці. Слова трэба трымаць. Мы чакаем. Заканадаўчыя магчымасці цяпер ёсць. Цяпер на працягу месяца можна нашым героям спачатку даць грамадзянства Украіны, яны гэта заслужылі, а тады ўжо аўтаматычна ім надаць і годнасць Героя Украіны», - сказаў прадстаўнік арганізацыі «Сям'я Нябеснай сотні» Пятро Сіненка.

Бацькі Міхася Жызнеўскі таксама чакаюць гэтай пастановы Пятра Парашэнкі, яны мяркуюць, што гэта спыніць абвінавачванні на іхны адрас у Беларусі:

«Мішу называюць нацыстам і бандытам. Разумееце? Я нават не магу выйсці на двор, таму што бягуць і крычаць проста мне ў вочы «бандэраўка», «здраднікі беларускага народа», «мы яшчэ вас усіх не забілі, але ўсё адно вас усіх паб'ем, задушым». Я ўжо стамілася ад усяго гэтага. Нам Парашэнка, уручаючы ордэн Героя Нябеснай сотні, сказаў, што для яго гэта справа гонару, каб Мішу надаць годнасць Героя Украіны, але дагэтуль ён нешта маўчыць. Я хачу, каб мае словы дайшлі да Парашэнкі. Бо Міша загінуў за мір і свабоду Украіны. За што ён і яшчэ двое хлопцаў аддалі сваё жыццё? Яны ж не свае сем'і абаранялі, а абаранялі Украіну, украінскіх грамадзян, украінскі народ, таму трэба неяк падумаць пра гэтых вось менавіта трох хлопцаў», - сказала Ніна Жызнеўская.

Апошнія навіны