BE RU EN

Кіраўнік Мінфіна Нямеччыны не выключае выхаду Грэцыі з еўразоны

  • 4.07.2015, 15:21

Шойбле адзначыў, што, на ягоную думку, калапс банкаўскай сістэмы Грэцыі не мае пагрозы для фінансавых інстытутаў іншых еўрапейскіх краін.

Міністр фінансаў Нямеччыны Вольфганг Шойбле не выключае, што Грэцыя можа выйсці з еўразоны, аднак гэта не развяжа яе праблем.

Такое меркаванне ён выказаў у інтэрв'ю газеце Bild, піша "Еўрапейская праўда".

"З еўра або без яго: на гэтае пытанне павінны даць адказ самі грэкі. Аднак калі яны застануцца, мы не пакінем народ Грэцыі на волю лёсу", - адзначыў Шойбле.

У той жа час ён падкрэсліў, што краіны еўразоны павінны строга выконваць правілы манетарнага звязу.

"Супольнасць можа функцыянаваць толькі ў тым выпадку, калі яе чальцы пільнуюцца правілаў", - адзначыў ён, нагадаўшы, што Нямеччына і Францыя ў 2003 годзе ўжо парушалі правілы, і не да чаго добрага гэта не прывяло.

Шойбле адзначыў, што, на ягоную думку, калапс банкаўскай сістэмы Грэцыі не мае пагрозы для фінансавых інстытутаў іншых еўрапейскіх краін.

"Нават калі і дойдзе да краху асобных банкаў, пагроза эфекту даміно нязначная", - мяркуе міністр.

Паводле ягоных слоў, "рынкі ў мінулыя дні вельмі стрымана адрэагавалі на падзеі ў Грэцыі". "Гэта паказвае, што з праблемай можна справіцца", - упэўнены Шойбле.

Як паведамлялася, 3 ліпеня Грэцыю афіцыйна прызналі неплатаздольнай. У нядзелю ў краіне павінен прайсці рэферэндум, на якім грэкі павінны вызначыцца, ці падтрымліваюць яны прапановы крэдытораў.

Апошнія навіны