BE RU EN

Двух удзельнікаў фэсту ў Будславе затрымалі за надпіс «Беларусь» на футболках

  • 4.07.2015, 12:59

Людзі ў цывільным адзенні затрымалі на Будслаўскім фэсце двух удзельнікаў у футболках з нацыянальнай сімволікай.

Пра гэта паведаміў «Нашай Нiве» прадстаўнік аргкамітэта для стварэння партыі Беларуская хрысціянская дэмакратыя Павел Пракаповіч.

Удзельнікі - напэўна, гэта былі бацька і сын - былі затрыманыя людзьмі ў цывільным адзенні з рацыямі і адпраўленыя ў аддзяленне міліцыі. Там палкоўнік міліцыі Юрый Жалубоўскі, намеснік начальніка аддзела ўнутраных спраў Мядзельскага райвыканкама правёў з затрыманымі гутарку, падчас якой было заяўлена, што «не трэба ператвараць рэлігійнае мерапрыемства ў палітычнае», распавёў Павал Пракаповіч, які быў сведкам здарэння.

Затрыманыя былі ў футболках з надпісамі па-беларуску «Беларусь» і па-ангельску «Belarus».

Пад канвоем амонаўцаў вернікаў вывелі за тэрыторыю фэсту да іхняга аўтамабілю.

Прадстаўнікі ўлад не спыталі думкі арганізатараў Будслаўскага фэсту, ці бачаць яны ў патрыятычнай сімволіцы «палітыку».

Свята Маці Божай Будслаўскай сёлета наведалі больш за 10 тысяч чалавек, у тым ліку 3000 пешых пілігрымаў.

Апошнія навіны