BE RU EN

Адвакат сям'і Літвіненкі: Заказчык забойства - Пуцін

  • 31.07.2015, 17:20

Прэзідэнт Расеі «аддаў асабістае распараджэнне» аб забойстве Аляксандра Літвіненкі, заявіла старана абвінавачвання грамадскім дазнанні, якое праходзіць у Лондане.

Адвакат сям'і загінулага былога супрацоўніка ФСБ Бэн Эмерсан сказаў, што адказнасць расейскай дзяржавы ў забойстве была «пераканаўча даведзеная». Ён заявіў, што Крэмль хацеў забіць Аляксандра Літвіненку і вылучыў для гэтага сродкі, паведамляе расейская служба BBC.

Адвакат дадаў, што навуковая экспэртыза давяла, што былога агента забілі Дзмітрый Коўтун і Андрэй Лугавы. Ён падкрэсліў, што Пуцін усё больш ператвараецца ў «ізаляванага дробнага дэспата і псіхічна неўраўнаважанага ўладалюбнага чалавека».

Са слоў Эмерсана, расейскі прэзідэнт і ягонае атачэнне «наўпрост замешаныя ў арганізаванай злачыннасці». «Асабістая хеўра» Пуціна, з ягоных слоў, гатовая «забіваць тых, хто стаіць на шляху».

«Калі вінаватая расейскае дзяржава, то вінаваты Уладзімір Пуцін. Не паводле нейкай версіі, калі ён нясе адказнасць за дзеянні падпарадкаваных, а таму што ён асабіста аддаў загад аб ліквідацыі ворага, які выкрываў яго і ягоных бандытаў», - сказаў Эмерсан.

Удава забітага, Марыя Літвіненка, заявіла, што, на яе думку, «забойцы і іх гаспадары былі раскрытыя».

Апошнія навіны