Францыя верне Расеі за «Містралі» амаль €1,2 мільярда?
- 31.07.2015, 12:54
Скасаванне кантракту на два гелікоптэраносцы тыпу Mistral паміж Расеяй і Францыяй можа каштаваць Парыжу амаль у €1,2 мільярда.
Аб гэтым піша расейскае выданне "Коммерсант".
"Францыя верне Расеі амаль 1,2 млрд еўраў", - піша газета са спасылкай на крыніцы ў сферы вайскова-тэхнічнага супрацоўніцтва. Са слоў суразмоўцаў выдання, канчатковыя дамоўленасці аб разрыве кантракту былі дасягнутыя падчас перамоваў віцэ-прэм'ера Дзмітрыя Рагозіна і генеральнага сакратара абароны і нацыянальнай бяспецы Францыі Луі Гацье.
Яны ўступілі ў актыўную фазу вясной 2015 года і скончыліся на мінулым тыдні. Адно з самых складаных пытанняў упіралася ў тое, якую суму Францыя павінна вярнуць Расеі.
Расея свае страты ацэньвала ў вялікую суму: акрамя выдадзенага авансу - 892,9 млн еўраў - туды ўваходзілі таксама сродкі, выдаткаваныя на навучанне 400 маракоў з экіпажа, будаўніцтва інфраструктуры для базавання гелікоптэраносцаў ва Уладзівастоку і працы ў стварэнні чатырох вопытных узораў палубных гелікоптэраў Ка-52К . Усе разам склала 1,163 млрд еўраў.