BE RU EN

На прахадной шклозавода «Нёман» пратэставалі супраць ваты

  • 30.07.2015, 12:29

Невядомы ў чорнай масцы зладзіў 28 ліпеня флэшмоб у Бярозаўцы Лідскага раёна.

Да транспартнай прахадной шклозавода «Нёман», дзе вырабляецца шклавата, невядомы малады чалавек прынёс аўтамабільныя покрыўкі, запаліў дымавыя шашкі і раскідаў улёткі «Зачыняй уёвую вату!». Побач таксама былі пакінутыя бутэлькі з невядомай вадкасцю, піша «Салiдарнасць».

Відэа з акцыі размешчана на Youtube.

У той жа дзень адбыўся ператрус у кватэры ў жыхара Бярозаўкі Вітольда Ашуркова. Як паведаміла «Радыё Рацыя», супрацоўнікі Следчага камітэта канфіскавалі кампутар, прынтэр і флэшку актывіста. Пазней, як стала вядома ПЦ «Вясна», прайшоў ператрус яшчэ ў аднаго чалавека.

Па факту флэш-мобу каля шклозавода «Нёман» заведзеная крымінальная справа паводле часткі 2 артыкула 339 КК (паўторнае хуліганства або хуліганства ўчыненае групай). Паводле гэтага артыкула абвінавачанаму пагражае да 6 месяцаў арышту або да 3 гадоў абмежавання волі або да 6 гадоў пазбаўлення волі.

- Тое, што побач са шкоднай вытворчасцю адбылася такая акцыя не выклікае здзіўлення, - адзначыў сябра Партыі БНФ Вітольд Ашуркоў. - Тое, што знайшліся людзі, якім лёс горада неабыякавы, то я здзіўляюся, што толькі зараз, а не раней. Вось гэты флэшмоб ён павінен быў адбыцца. Жыхары нашага горада проста зведзеныя да ўзроўню статыстаў. Ніхто не пытаецца, ніякай інфармацыі ніхто не дае, хіба што мы пачнём тут цяпер паміраць, і тады нешта зменіцца.

Апошнія навіны