BE RU EN

Джым Уэб наважыў балатавацца на пасаду прэзідэнта ЗША

  • 3.07.2015, 9:42

Былы сенатар ад штата Вірджынія Джым Уэб заявіў пра свой намер балатавацца на пасаду прэзідэнта ЗША ад Дэмакратычнай партыі.

З ягоных слоў, ён прыняў такую пастанову «пасля многіх месяцаў разважанняў і абмеркаванняў», піша Lenta.ru.

«Краіне неабходны прэзідэнт, які мае спіс дасягненняў і, каб дамагчыся сваёй мэты, гатовы да працы як з дэмакратамі, так і з рэспубліканцамі», - цытуе 69-гадовага палітыка The Washington Post. З ягоных слоў, ён рэальна ацэньвае свае шанцы, «асабліва ў цяперашнім палітычным клімаце, калі сумленныя дэбаты так часта замяняюць вялізнымі сумамі грошай».

Уэб стаў пятым, і, магчыма, апошнім кандыдатам ад Дэмакратычнай партыі. Апроч яго аб жаданні ўдзельнічаць у прэзідэнцкіх выбарах афіцыйна заявілі чатыры прадстаўнікі дэмакратаў: былая дзяржсакратарка Хілары Клінтан, беспартыйны сенатар-сацыяліст Берні Сандэрс, былы губернатар Мэрыленда Марцін О'Мэлі і былы губернатар штата Род-Айлэнд Лінкальн Чафі.

Прэтэндэнты на ролю кандыдата ад рэспубліканцаў на прэзідэнцкіх выбарах у ЗША.

Ад рэспубліканцаў у прэзідэнцкую гонку ўступілі 13 прэтэндэнтаў, у іх ліку былы губернатар Фларыды Джэб Буш, брат 43-га прэзідэнта ЗША Джорджа Буша-малодшага, мультымільярдэр Дональд Трамп, былы губернатар Арканзаса Майк Хакабі, сенатары Тэд Круз і Рэнд Пол, былы гендырэктар Hewlett- Packard Карлі Фіарына, а таксама нейрахірург Бэн Карсан.

Выбары ў ЗША пройдуць 8 лістапада 2016. У ліпені Дэмакратычная і Рэспубліканская партыі правядуць Нацыянальныя Канвенты, на якіх будуць абраныя партыйныя кандыдаты. Дзейны прэзідэнт ЗША Барак Абама паводле канстытуцыі не можа вылучацца на трэці тэрмін.

Апошнія навіны