BE RU EN

Камітэт Cената ЗША ўхваліў пашырэнне Акту Магніцкага на ўсе краіны свету

  • 29.07.2015, 20:13

Гэты законапраект прадставіць ЗША інструменты для прадухілення будучых парушэнняў ва ўсім свеце.

Законапраект, які прапануе распаўсюдзіць дзеянне «акту Магніцкага» ў глабальным маштабе, ухвалены камітэтам сената ЗША ў міжнародных стасунках, паведаміў у заяве аўтар закона сенатар Бэн Кардзін, піша РІА "Новости".

«Гэты закон дазволіць дамагчыся таго, каб парушальнікі правоў чалавека і карумпаваныя афіцыйныя асобы не атрымалі права ўезду на тэрыторыю ЗША і не змаглі карыстацца нашымі фінансавымі інстытутамі. Гэты закон пашырыць санкцыі акту Сяргея Магніцкага, якія тычацца толькі Расеі, у глабальным маштабе і зробіць значныя карупцыйныя дзеянні парушэннем, якое падпадае пад санкцыі», - гаворыцца ў заяве офіса сенатара Кардзіна.

Са слоў сенатара, закон дазволіць ЗША прадухіляць карупцыю ва ўсім свеце. «Гэты падтрыманы дэпутатамі з абедзвюх партый законапраект дасць ЗША інструменты для прадухілення будучых парушэнняў ва ўсім свеце, а таксама абароніць нашу стратэгічную фінансавую інфраструктуру ад тых, хто збіраецца выкарыстоўваць яе для адмывання або захоўвання незаконных даходаў», - заявіў Кардзін.

Нагадаем, расейскі юрыст Сяргей Магніцкі памёр у расейскай турме ў 2009 годзе, ва ўзросце 37 гадоў. Праваабаронцы сцвярджаюць, што ён быў збіты, і яму адмаўлялі ў медыцынскай дапамогі. Магніцкага арыштавалі паводле справы аб ухіленні ад выплаты падаткаў фондам Hermitage Capital. Перад гэтым ён спрабаваў выкрыць ашуканскую схему ў адмыванні бюджэтных сродкаў і адабранні бізнэсу, у якой бралі ўдзел расейскія сілавікі і падаткавікі.

У ліпені 2012 года ў ЗША быў прыняты Акт Магніцкага. Пад дзеянне дакумента патрапілі асобы, датычныя да арышту і смерці юрыста. Ім забаронены ўезд на тэрыторыю краіны. Таксама іх права на ўласнасць на тэрыторыі, падведамнай ЗША, заблакаванае, а аперацыі ў дачыненні да маёмасці гэтых асоб забароненыя.

Апошнія навіны